Шведскі пілот: КДБ прапаноўваў сустрэцца ў амбасадзе ў Маскве
Томас Мазэці мяркуе, што з ім і яго сябрамі "проста хацелі пагаварыць".
Пілот шведскага самалёта, які ў пачатку ліпеня раскідаў плюшавых мядзведзікаў над Івянцом і Мінскам, даў вялікае інтэрв'ю Радыё Свабода.
Нагадаем, у пачатку жніўня КДБ запрасіў арганізатараў "плюшавага дэсанту" прыехаць у Беларусь для дачы паказанняў "у інтарэсах аб'ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі". Ім былі дасланыя позвы. Але шведы адмовіліся ехаць у Беларусь.
У інтэрв'ю Радыё Свабода Томас Мазэці, між іншым, распавёў, што супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі ім прыехаць хаця б у Маскву:
"Яны сказалі: ок, калі вы не хочаце прыязджаць у Беларусь, ці маглі б мы сустрэцца ў амбасадзе ў Маскве? Я думаю, што яны проста хацелі з намі пагаварыць, і, канечне, праверыць".
Аднак і ў расійскую сталіцу шведы не паехалі.