Шведскія лётчыкі адказалі на позвы КДБ

Нагадаем, беларускі КДБ 10 жніўня даслалі праз электронную пошту позвы Пэру Кромвэлу, Томасу Мазэці і Ганне Ліне Фрэй. Шведам прапаноўвалі з'явіцца ў Мінску цягам 10 дзён для следчых дзеянняў.

Свой адказ шведы напісалі ў форме ліста Аляксандру Лукашэнку. Яны прапануюць кіраўніку Беларусі самому прыехаць у Швецыю і пагаварыць з імі, перадае Радыё "Свабода".

У лісце гаворыцца: "Studio Total мае гонар запрасіць дыктатара Аляксандра Лукашэнку ў наш дом у Сконэ ў Швецыі. Мы арганізуем і аплацім пражыванне, харчаванне, таксі і ўсё такое. Мы таксама, як абяцалі, раскажам ўсё, што вы хочаце ведаць пра тое, як падмануць вашу дарагую сістэму СПА. Мы маем толькі адно патрабаванне: каб вы паводзілі сябе настолькі ветліва, наколькі зможаце (не пагражалі катаваннямі і таму падобным), і каб вы вызвалілі ўсіх палітычных вязняў у Беларусі".

Нагадаем, што кіраўнік Беларусі з'яўляецца неўязным у краіны Еўрасаюза. Раней шведы заяўлялі, што самі гатовыя прыехаць у Беларусь, а потым запатрабавалі гарантыяў. КДБ, у сваю чаргу, гарантаваў, што захавае іх правы ў адпаведнасці з законам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі