Сіноптыкі: Самая халодная ноч — у чацвер, а з пятніцы — пацяпленне
Да пятніцы надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць паўночны антыцыклон з халодным паўночным ветрам.
У чацвер чакаецца самая халодная ноч на тыдні: 10-16 градусаў марозу, у асобных раёнах — да 23 градусаў ніжэй за нуль. Па Брэстчыне цяплей, там прагназуецца ад 5 да 9 градусаў марозу, удзень — ад 3 марозу да 3 градусаў цяпла.
Вось што распавёў Еўрарадыё кіраўнік службы прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў:
130325_rabaunadvorjetydzien.mp3
"А вось пачынаючы з пятніцы ў атмасферы адбудзецца перазагрузка. Паўночны вецер зменіцца паўднёвым і да нас пачнуць паступаць цёплыя, але, нажаль, вільготныя паветраныя масы з поўдня Еўропы".
У пятніцу ўначы будзе яшчэ халодна, а ўдзень — ад 4 марозу да 4 цяпла на паўднёвым захадзе. На захадзе ўначы, а ўдзень у цэнтральных раёнах чакаецца мокры снег і слабая завіруха. А на паўднёвым захадзе мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж.
На выходных таксама мокры снег, дождж, туман, месцамі галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы ў суботу маразы спадуць, чакаецца ад 0 да 6 градусаў ніжэй за нуль, удзень — ад 3 марозу да 3 цяпла (на поўдні — да 5 цяпла).
У нядзелю ўначы прагназуецца ад 4 градусаў марозу да 2 цяпла, удзень ад 0 да +5, у паўднёвых раёнах — да 8 градусаў цяпла.