Беларускія апазіцыянеры атрымалі з Польшчы па пошце фінансавыя дакументы
Адрасатамі былі каля 30 чалавек, піша "Rzeczpospolita". МЗС Польшчы ўдакладняе: толькі некалькі чалавек і праблемаў у іх не было.
Як піша ўплывовая газета "Rzeczpospolita", МЗС Польшчы ў лютым даслаў беларускім апазіцыянерам дакументы аб падаходным падатку на грошы, якія раней імі былі атрыманыя (гаворка пра невялікія сумы, так званыя "суткавыя", якія выплочваліся беларусам). Заказныя лісты былі адпраўленыя з лагатыпам міністэрства на капэрце.
Польскае МЗС тлумачыць, што выслала гэтыя дакументы ўдзельнікам Канферэнцыі грамадзянскай супольнасці, арганізаванай падчас Саміта Усходняга партнёрства ў 2011 годзе.
"Таму гэтыя сродкі не тычыліся замежнай падтрымкі няўрадавых арганізацый, якую беларускае закандаўства лічыць супрацьпраўнай, як гэта было ў выпадку Алеся Бяляцкага", — адзначае Марцін Басацкі, прэс-сакратар МЗС Польшчы. Пазней з'явілася "Удакладненне" МЗС Польшчы, у якім гаворка ідзе пра тое, што выплачвалася сума, меншая за 600 злотых (каля 200 долараў).
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны пасля атрымання беларускімі праваахоўнікамі з Літвы інфармацыі пра яго банкаўскія рахункі. Справа Бяляцкага выклікала вялікі скандал у Літоўскай Рэспубліцы.
Марцін Басацкі таксама запэўнівае, што ніводзін з удзельнікаў Канферэнцыі да сённяшняга дня не меў ніякіх непрыемных інцыдэнтаў з беларускімі ўладамі ў сувязі з атрыманнем польскіх дакументаў пра даходы.
Фота — rp.pl