Скарачаць апарат Саўміна перадумалі?

120312 Nasta Sovmin.mp3

“Вы ведаеце, пакуль у нас нічога такога не адбываецца, пра што можа было б паведаміць. Пакуль нікога не скарачалі, працуем у такім самым рэжыме, як і працавалі”, — прызнаецца Еўрарадыё прэс-сакратар Саўміна Вольга Доўгая.


Паводле яе словаў, відаць, усё аказалася не так проста, як меркавалі. Хаця яшчэ ў лютым прэс-сакратарка запэўнівала, што да сакавіка вызначацца са скарачэннямі.


Вольга Доўгая: “Тэрміны — у сакавіку. Да сакавіка або на пачатку сакавіка”.


Нагадаю, рашэнне звольніць з Саўміна 20% было прынята пастановай Саўміна яшчэ ў снежні мінулага года.


Пастанова прынята, створана працоўная група, абазначаны тэрміны... Але нават сябры працоўнай групы не ў курсе, што адбываецца. Некаторыя паспрабавалі абвінаваціць у гэтым Еўрарадыё.


“Вы нам не дасцё пілотны праект завяршыць! Увесь час перашкаджаеце. Мы самі яшчэ не ведаем, што рабіць, а вы ўвесь час нас пытаецеся”, — адказвае Еўрарадыё адзін з сябраў працоўнай групы, які пажадаў застацца неназваным.


І параіў звярнуцца да віцэ-прэм’ера і кіраўніка працоўнай групы Анатоля Тозіка.


“А чаму вы Тозіку не тэлефануеце? Самая галоўная галава ў гэтым праекце — гэта Тозік”.


Нечакана просіць ператэлефанаваць назад і паведаміць, што скажа Тозік!


“Я вам шчыра скажу… але без спасылкі. Я не ў курсе. Я таксама хачу даведацца! Калі вы штосьці даведаецеся, ператэлефануйце, калі ласка, мне. Мне будзе цікава. Гэта ж не ваенная таямніца… Скажыце: так або не. Без розніцы, якая інфармацыя, нават калі няма ніякага выніку… Мне таксама цікава!”


Звяртаюся да памочніка віцэ-прэм’ера Тозіка Ігара Ляшчонка. Але там ізноў перанакіроўваюць у прэс-службу Саўміна. Кажуць, што, відаць, пакуль проста няма чаго каментаваць…


Ігар Ляшчонак: “Паколькі яна сёння ў яго была (прэс-сакратар Саўміна ў Анатоля Тозіка — Еўрарадыё), то я думаю, што яна з ім гэта пытанне ўзгадніла, і ён не лічыць патрэбным пакуль што каментаваць. Там, відаць, пакуль яшчэ няма чаго каментаваць”.


Колькі чалавек цяпер працуе ў апараце Саўміна, яго прэс-сакратар Вольга Доўгая не ведае… А агульная колькасць дзяржслужачых у Беларусі апошні раз вымяралася толькі ў 2009 годзе.


“За два гады яна не змянілася”, — запэўнівае Еўрарадыё кіраўнік упраўлення статыстыкі працы Белстата Аляксей Тарасенка. А, магчыма, нават знізілася…

Як высветліла Еўрарадыё, да 2009 года колькасць дзяржслужачых у Беларусі з году ў год павялічвалася! Прырост чыноўнікаў складаў 150 і больш чалавек.

Дзяржапарат Беларусі ў 2003-2009 гадах

2003

2005

2007

2009

Агульная колькасць дзяржаўных служачых*

52 709

52 976

53 464

53 703

Колькасць дзяржслужачых са стажам больш за 20 гадоў

7 063

8 106

8 980

9 390

*Без уліку сілавых структур

Агульная колькасць занятых у органах дзяржаўнага кіравання ў 2011 годзе — 168,5 тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі