Скэнлан: “За незалежнасць Амерыкі і свабоду Беларусі – Жыве Беларусь!”

120629 Luka6uk Skanlan.mp3

Падчас святкавання 236-й гадавіны незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі Майкл Скэнлан найперш узгадаў імёны тых выбітных беларусаў, якія шмат зрабілі на карысць іх краіны. І згадаў факты з беларускай гісторыі, якія моцна паўплывалі на фармаванне амерыканскага грамадства.

Скэнлан: “Гісторыя Амерыкі – гэта ў пэўным сэнсе гісторыі эмігрантаў у лепшай будучыні. Такія беларусы, як Тадэвуш Касцюшка, Давід Сарноў, Барыс Кіт дапамагалі будаваць маю краіну, кіруючыся прагай да пераменаў. Беларускую і амерыканскую культуру таксама аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці. Напрыклад, Беларусь была першай у спрыянні свабоды веравызнання. Што было выключнай справай у Еўропе ХVI стагоддзя. Статут Вялікага княства Літоўскага быў істотна важным для вяршэнства закона, а Магдэбургскае права давала грамадзянам магчымасць самастойна кіраваць сваімі гарадамі”.




Але сёння, гаворыць дыпламат, нашыя адносіны далёкія ад ідэалу. Хоць Злучаныя Штаты Амерыкі заўсёды стараліся будаваць адносіны, грунтуючыся на агульных каштоўнасцях, якія, па словах Скэнлана, у сваім “без сумневу еўрапейскім мінулым”, падзяляла і Беларусь.

Скэнлан: “У 2010 годзе мы спадзяваліся, што Беларусь паступова вяртаецца да гэтых каштоўнасцяў. Напрыклад, у снежні таго года беларускі ўрад прызнаў у сумеснай заяве са Злучанымі Штатамі, што “большая павага правоў чалавека ў Беларусі жыццёва важная для развіцця краіны і яе грамадзянаў”. У 2010 годзе мы бачылі прыкметы лібералізацыі. Разам з больш адкрытай, прынамсі напачатку, прэзідэнцкай кампаніяй. Аднак, рэпрэсіі пасля выбараў, якія дагэтуль не спыніліся, разбілі гэтыя спадзяванні”.

І выказаў шкадаванне, што некаторыя госці не змаглі далучыцца да святкавання, бо “несправядліва зняволеныя”. А таксама спадзеў, што “Беларусь вернецца да агульных каштоўнасцяў, якія падзяляла ў сваім ганаровым мінулым”.

Скэнлан: “Сёння гэтыя прынцыпы ўвасобленыя ў дэмакратыі, свабодным рынку, актыўнай грамадзянскай супольнасці. Пры такіх асноўных правах, як свабода сходаў і прэсы”.

Праз некалькі тыдняў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан пакідае Беларусь. Дыпламат абяцае, што назаўсёды захавае добрыя ўспаміны пра нашу краіну і тых людзях, з якімі ён тут пазнаёміўся.

Скэнлан: “Сотні беларусаў, з якімі я пазнаёміўся, - відавочны прыклад бязмернага таленту. Я шчыра спадзяюся, што прыйдзе час, калі сістэма ў Беларусі зменіцца, а вашыя таленты будуць цаніцца і будуць скарыстаныя. Я прапаную тост – за незалежнасць Амерыкі і свабоду Беларусі. Жыве Беларусь!”



Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі