Справу Сашы Варламава працягнулі яшчэ раз — да 20 жніўня
Такім чынам, расследаванне супраць вядомага дызайнера падоўжанае ўжо чацвёрты раз.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта Ягора Лівая, Варламаў па-ранейшаму застанецца пад вартай. Новых абвінавачанняў яму не выставілі.
Нагадаем, дызайнера ўзялі пад варту 20 траўня 2011 года. Пацярпелымі і сведкамі па яго справе праходзяць больш за 500 чалавек. Варламава вінавацяць у незаконынм выкарыстанні грошай, вылучаных на фэст "Млын моды". Паводле папярэдніх звестак, незаконна было скарыстана больш 120 тысяч еўра і каля 310 мільёнаў рублёў.
Таксама следства сцвярджае, быццам дызайнер браў грошы з бацькоў непаўналетніх дзяцей, якія ўдзельнічалі ў паказах мод за мяжой. У той жа час фінансаванне гэтых выдаткаў ажыццяўлялася за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў БДУ.