“Сталінобус” у Мінск пакуль не пусцілі (фота)
Але перамовы ідуць, паведаміў прэс-сакратар ініцыятывы Андрэй Рэрых.
У блогу актывіста кампаніі “Аўтобус перамогі” Віктара Логінава з’явіўся допіс “Мінск з намі”. Там гаварылася, што ў траўні па сталіцы Беларусі будзе ездзіць аўтобус з выявай Сталіна. Аднак як удалося даведацца Еўрарадыё, інфармацыя аказалася заўчаснай.
“Наш чалавек у Мінску працуе над гэтым. Спрабуе дамовіцца. Нейкія крокі наперад ужо ёсць, але канчаткова дамовіцца пакуль не ўдалося”, -- расказвае Андрэй Рэрых, прэс-сакратар ініцыятывы.
Ён гаворыць, што калі дамовіцца з мінскімі ўладамі атрымаецца, аб гэтым стане вядома ў канцы красавіка.
Першы аўтобус з выявай Сталіна і лозунгам “За Радзіму! За Перамогу!” з’явіўся ў Санкт-Пецярбургу яшчэ ў 2010 годзе. Актывісты ініцыятывы вядуць збор сродкаў у інтэрнэце і збіраюцца сёлета запусціць такія аўтобусы ў 40 гарадах СНД і ў Прыбалтыцы.