Standard & Poor's дае негатыўны прагноз па рэйтынгах "Беларусбанка"

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's прысвоіла ААТ "Акцыянерны ашчадны банк "Беларусбанк" доўгатэрміновы і кароткатэрміновы крэдытныя рэйтынгі контрагента на ўзроўні "В/В". Прагноз змены рэйтынгаў — "Негатыўны".

Як адзначаецца ў паведамленні агенцтва, рэйтынгі адлюстроўваюць значныя дыспрапорцыі ў эканоміцы і высокія рызыкі аперацыйнага асяроддзя ў Беларусі (рэйтынгі па абавязацельствах у замежнай валюце: "В/Негатыўны/В"; рэйтынгі па абавязацельствах у нацыянальнай валюце: "В+/Негатыўны/В").

"Яны [рэйтынгі] таксама адлюстроўваюць высокія крэдытныя рызыкі, якія ўзмацняюцца значнай доляй крэдытавання, што ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спецыяльнымі дзяржаўнымі праграмамі, аслабленне паказчыкаў прыбытковасці і стратэгію хуткага росту, — адзначыла крэдытны аналітык Standard & Poor's Анет Эс. — Уплыў гэтых негатыўных фактараў часткова змякчае статус банка як арганізацыі, звязанай з дзяржавай, якая мае вельмі высокую верагоднасць атрымання экстраннай падтрымкі з боку дзяржавы, займае дамінавальнае становішча на нацыянальным рынку і атрымлівае стабільнае фінансаванне за кошт дэпазітаў".

У Standard & Poor's лічаць, што "Беларусбанк" мае вельмі высокую верагоднасць атрымання своечасовай і дастатковай экстраннай падтрымкі ад дзяржавы ў выпадку стрэсавай фінансавай сітуацыі. Разам з тым, з пункту гледжання экспертаў, "высокая крэдытная рызыка "Беларусбанка" не ў поўнай меры адлюстроўваецца ў паказчыках якасці актываў, названых у яго справаздачнасці".

Рэсурсная база "Беларусбанка" ацэньваецца як стабільная, улічваючы добры доступ банка да рознічных, карпаратыўных і дзяржаўных дэпазітаў, а таксама да дзяржаўнага фінансавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі