Старшынства ў Еўрасаюзе перайшло да Кіпра
Ад 1 ліпеня краіна стане фармальным лідарам ЕС — на бліжэйшыя паўгода.
Старшынства ва ўмовах крызісу ў еўразоне пераходзіць да дзяржавы, якая сама днямі заявіла, што гатовая пазычаць у іншых краін ЕС і ў Міжнароднага валютнага фонду. Паводле ацэнак экспертаў, Кіпру неабходна каля 10 мільярдаў еўра. Цяперашнія праблемы ў эканоміцы наўпрост звязаныя з крызісам у Грэцыі, перадае ИТАР-ТАСС.
У першым паўгоддзі сёлета абавязкі старшыні Еўрасаюза выконвала Данія. У пачатку наступнага года Кіпр перадасць мандат Ірландыі. Адметна, што супраць старшынства Кіпра рэзка пярэчыла Турцыя, якая мае статус краіны-кандыдата на ўваходжанне ў ЕС. Турцыя — адзіная краіна свету, што прызнае самаабвешчаную Рэспубліку Паўночны Кіпр, утвораную ў 1974 годзе турэцкай грамадой выспы. Анкара паабяцала цягам паўгоддзя байкатаваць усе мерапрыемствы, арганізаваныя пад эгідай старшынства Кіпра ў ЕС. Турэцкія ўлады вінавацяць Кіпр у нежаданні весці перамовы з турэцкай грамадой.