Статкевіч і Ус застаюцца за кратамі
Мінскі гарадскі суд пакінуў без змены прысуды, вынесеныя судом Ленінскага раёна сталіцы.
Экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус, а таксама яшчэ пецёра удзельнікам падзеяў 19 снежня 2010 года - Аляксандр Класкоўскі, Арцём Грыбкоў, Аляксандр Квяткевіч, Дзмітрый Буланаў і Андрэй Пазняк застануцца за кратамі. Такое рашэнне прыняла 19 ліпеня судовая калегія на чале з Сяргеем Хрыпачом, паведамляе БелаПАН.
Пракурор Антон Загароўскі на паседжанні заявіў, што лічыць неабгрунтаванымі касацыйныя скаргі асуджаных. Паводле яго слоў, довады абароны абвяргаюцца фактамі ў прысудзе.
Нагадаем, што 26 траўня суддзя Людміла Грачова прысудзіла Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі, Уса - да пяці з паловай. Суд пастанавіў, што Статкевіч і Ус рыхтавалі масавыя беспарадкі і неаднаразова абмяркоўвалі гэтую тэму.