Судовую справу аб хатнім гвалце разгледзяць у Брэсце
Айчым працяглы час збіваў свайго пасынка і здзекаваўся з яго.
Цяпер маці хлопчыка спрабуе прыцягнуць мужа да адказнасці праз суд, інфармуе сайт spring96.org. Нядаўна муж збіў пасынка так, што давялося выклікаць міліцыю. Судмедэкспертам былі зафіксаваны пабоі, складзены пратакол і перададзены ў суд Ленінскага раёна Брэста. Суддзя Аляксандр Рэўцкі не знайшоў дастатковых абставін, каб прыцягнуць да адказнасці мужчыну і справу спыніў. З гэтым маці хлопчыка катэгарычна не пагадзілася і звярнулася з касацыйнай скаргай ў абласны суд.
Па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, рашэнне суддзі Рэўцкага не вытрымлівае ніякай крытыкі. Суддзя не абараніў інтарэсы падлетка, нягледзячы на дастатковасць доказаў.
Абласны суд адмяніў пастанову суда Ленінскага раёна і справа накіравана на новы разгляд.