Супраць Лукашэнкі аб'яднаюцца ўкраінская ўлада і апазіцыя?
Заявы беларускага кіраўніка пра "вашывасць" украінскай улады выклікалі ў Кіеве рэзкую адмоўную рэакцыю.
Намеснік старшыні Партыі рэгіёнаў Леанід Кажара, які ў партыі курыруе знешнепалітычныя пытанні, лічыць заяву Аляксандра Лукашэнкі нявыважанай і непрадуманай.
"Лукашэнка зрабіў неразумную і непрадуманую заяву. А гэта цяпер зусім не ў інтарэсах Лукашэнкі, бо Украіна застаецца ледзь не адзінай краінай, якая выступае супраць палітычнай ізаляцыі Беларусі ў Еўропе", — сказаў у каментары журналістам Леанід Кажара.
Адзін з кіраўнікоў праўладнай партыі перакананы, што заява беларускага прэзідэнта не паспрые паляпшэнню міждзяржаўных адносін.
У сваю чаргу прадстаўнік апазіцыі, лідэр Украінскай народнай партыі Юрый Кастэнка больш рэзка ацаніў выказванні беларускага кіраўніка.
"Абвінавачванні Лукашэнкі ў тым, што Украіна не запрасіла яго на ядзерны саміт, выглядаюць цалкам неадэкватнымі. Гэта хутчэй падобна да дзіцячай крыўды, чым да пазіцыі прэзідэнта дзяржавы", — лічыць Кастэнка.
На ягоную думку, лексіка беларускага лідэра адлюстроўвае ўзровень палітычнай культуры постсавецкіх кіраўнікоў. Кастэнка нагадаў, што ў рамках міжнароднай канферэнцыі "Дваццаць пяць гадоў Чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні" адбылася канферэнцыя донараў. На ёй Украіна сабрала 550 мільёнаў еўра для вырашэння чарнобыльскіх праблемаў. Таму, на ягоную думку, украінская ўлада не магла легкадумна паставіцца да гэтага мерапрыемства.
"Ставіць на вагі, з аднаго боку, гонар Лукашэнкі, з другога боку — рэаліі, у якіх апынулася Украіна з Чарнобылем, з саркафагам… Гэта падобна да дзіцячых забаваў прэзідэнта Беларусі", — перакананы Юрый Кастэнка.
Лідэр Украінскай народнай партыі адзначыў, што беларускі палітычны "геній" прывёў сваю краіну да таго, што супрацьпастаўляе яе ўсяму дэмакратычнаму свету і ставіць Беларусь па-за ўсімі палітычнымі і эканамічнымі працэсамі ў Еўропе. "Такія рэчы, якія дазваляе сабе спадар прэзідэнт, сведчаць аб тым, што ў яго з самакрытыкай не вяжацца: трэба спачатку паглядзець, што робіцца ва ўласным доме, а затым ацэньваць іншых", — заявіў Кастэнка.