Сяргея Каваленку вызвалілі датэрмінова
Віцебскі апазіцыянэр лічыць, што прычынай вызвалення паслужылі ягоная галадоўка і шэраг скаргаў у пракуратуру.
Паводле вырака суду яму заставалася адбыць яшчэ 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
8 красавіка міліцэйскі канвой даставіў актывіста ў ізалятар часовага ўтрымання пасля выпіскі з лякарні, дзе Каваленка лекаваўся ў кардыялагічным аддзяленні.
"Літаральна на ганку ў кагосьці з міліцыянтаў зазваніў мабільны тэлефон, і пасля непрацяглай гутаркі мне заявілі, што я свабодны да тых часоў, пакуль будуць разабраны мае скаргі ў пракуратуру. Я мяркую, паўплывалі яшчэ і мае галадоўкі пратэсту, абвешчаныя паслядоўна 25 сакавіка і 1 красавіка", — паведаміў Радыё "Свабода" Каваленка.