"Баварыя" выйграла ў "Ювентуса" — 2:0, ПСЖ — "Барселона" — 2:2

На парыжскім стадыёне "Парк дэ Прэнс" сустракаліся ПСЖ і "Барселона". "У мяне добрае прадчуванне", — казаў галоўны трэнер французскага клуба Карла Анчэлоці. Амаль такія самыя словы казаў і лідар атак "Барсы" Ліянэль Месі: "Будзе вельмі складана, але ў мяне добрыя прадчуванні".

У першым тайме дамінавала "Барселона", але добрыя магчымасці адкрыць лік меў і ПСЖ, аднойчы мяч трапляў у штангу. На 38-й хвіліне пасля фантастычнай перадачы Дані Алвеса забівае гол Ліянэль Месі, аднак у канцы першага тайма атрымлівае траўму, і далей "Барса" гуляла без яго. У другой палове гульні гаспадары поля выраўнялі гульню (адчувалася адсутнасць Месі). На 79-й хвіліне Златан Ібрагімавіч быў першы на дабіванні пасля чарговага патраплення мяча ў штангу — 1:1. "Барселона" магла вырваць перамогу — на 89-й хвіліне пенальці рэалізаваў Хаві. Аднак на апошніх секундах ПСЖ зраўнівае лік, гол забіў Блез Мацюйдзі.

У іншым чвэрцьфінале ў Мюнхене гулялі "Баварыя" і "Ювентус". "Баварыя" адкрыла лік ужо на 25-й секундзе, вызначыўся Давід Альба. На 63-й хвіліне другі гол забіў Томас Мюлер. Гаспадары поля атрымалі ўпэўненую перамогу.

Паўторныя матчы пройдуць 10 красавіка.

У сераду адбудуцца чарговыя матчы 1/4 фінала. Згуляюць іспанская "Малага" і дортмундская "Барусія", мадрыдскі "Рэал" і турэцкі "Галатасарай".

Фота — uefa.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі