"Тэмпа": Таракан быў, але не наш (фота)
У піцэрыі распавялі, адкуль да іх прыходзяць тараканы.
Вечарам у чацвер Вадзім Скроцкі зайшоў з сябрамі ў піцэрыю “Тэмпа”, што ў цэнтры "Экспабел", павячэраць. У сваім салаце побач з кавалкамі курынага філе ён нечакана ўбачыў… таракана. Пакуль афіцыянтка паспешліва хавала салат, коштам 32 тысячы, дарэчы, ён паспеў зрабіць фота і змясціць яго ў Твітар.
У піцэрыі прысутнасць таракана ў салаце прызнаюць, але размаўляць пра выпадак не хочуць.
“Так, магчыма. У дадзены момант не магу вам сказаць, з кім можна пагаварыць…”
Тэлефануем у іншыя піцэрыі сеткі “Тэмпа”. У сталіцы іх ажно шэсць. Паўсюль нас запэўніваюць, што тараканаў у іх стравах быць не можа. Мошкі ў лісці салату – так. Але тараканы? Немагчыма!
“Справа ў тым, што гэтага ў нас проста не можа быць, бо ў нас няма тараканаў. Я бы магла паверыць у нешта іншае. Магчыма, у лісце салата нейкая мошка трапіла. У гэта я б паверыла. Але тараканы?... У нас гэтага быць не можа. Магчыма, па нейкім іншым адрасе. Але ў нас гэтага быць не можа”.
Фота twitter.com
Аўтар скандальнага фота, якое ўжо абляцела беларускі Твітар, абураны, хутчэй, паводзінамі адміністрацыі піцэрыі, чым тараканам у салаце. Вадзім расказвае, што адміністратарка спіхнула ўсю адказнасць на афіцыянтку і нават не папрасіла прабачэння.
“Адміністратар хуценька збегла, зрабіўшы выгляд, што ўсё цудоўна, усё добра. І далей нічога нам не было ні прапанавана, ні сказана. Увогуле, ніякіх дзеянняў. Як быццам, сітуацыя абсалютна нармальная, такая штатная, усё Оk”.
Рабіць запіс у кнігу скаргаў Вадзім не стаў. Кажа, што проста больш ніколі не зойдзе ў гэтую піцэрыю, у якой звычайна бываў з сябрамі раз на тыдзень. Учора, напрыклад, яго вячэра пацягнула на 300 тысяч.
Як даведалася Еўрарадыё, праз таракана ў салаце піцэрыя можа мець вялікія праблемы. Яе могуць нават закрыць. Праўда, у гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі кажуць, што за дзесяць гадоў да іх ні разу не звярталіся са скаргамі на тараканаў у салаце.
“Звычайна, калі грамадзяне нешта такое знаходзяць, то яны адразу тэлефануюць. Паверце. Вось з маёй практыкі – ніводнага разу не тэлефанавалі па такой прычыне. За дзесяць гадоў не было зваротаў па тым факце, на які вы ўказваеце”.
Еўрарадыё таксама атрымала каментарый ад кіраўніцтва сеткі піцэрый “Тэмпа”. Там кажуць, што пільна сочаць за станам сваіх кавярняў. А таракан… А таракан мог прыбегчы аднекуль з супермаркета. Плошчы ў BIGZZа вялікія.
“Ва ўсёй нашай сетцы “Піцца Тэмпа” праходзяць планавыя і па неабходнасці пазапланавыя дызенфіцыпуючыя апрацоўкі. Гэты інцыдэнт, які адбыўся ў піццэрыі,размешчанай ў гандлёвым цэнтры “Экспабел”, я лічу вялікім непаразуменнем. Наша кавярня размешчаная ў самым цэнтры гэтага комплекса, дзе знаходзіцца вялікая колькасць крамаў і пунктаў харчавання. Я вельмі шкадую, што гэта адбылося ў сценах нашай установы. Мы ўжо прадпрынялі экстранныя меры і зробім усё магчымае, каб пазбегнуць падобнага ў будучыні”, -- гаворыць кіраўніца сеткі Таццяна Лата.
“Адміністратар хуценька збегла, зрабіўшы выгляд, што ўсё цудоўна, усё добра. І далей нічога нам не было ні прапанавана, ні сказана. Увогуле, ніякіх дзеянняў. Як быццам, сітуацыя абсалютна нармальная, такая штатная, усё Оk”.