Топ-10 самых багатых міністэрстваў (інфаграфіка)
Бюджэт-2013 поўны неспадзяванак: Мінкульт у пяць разоў “багацейшы” за Міністэрства прамысловасці, а на спорт дадуць больш грошай, чым на КДБ.
Ацаніць сапраўдны характар сваіх выдаткаў прасцей за ўсё па кашальку. У нацыянальным маштабе — па бюджэце. Еўрарадыё параўнала выдаткі на розныя міністэрствы і ведамствы у бюджэце на 2013 год. На першым месцы з шалёным адрывам Міністэрства сельскай гаспадаркі. Яму аддадуць ажно 8,5 трыльёнаў рублёў. Акадэмік, доктар эканамічных навук Пётр Нікіценка лічыць, што гэта нармальна.
“Усе іншыя — прамысловасць, якая выходзіць за межы сельскагаспадарчага комплексу, машынабудаўніцтва, трактарабудаўніцтва, аўтамабілебудаўніцтва — усе яны павінны працаваць на аграпрамысловы комплекс”.
Па словах эксперта, у Беларусі сельская гаспадарка ў прыярытэце і на яе мы можам разлічваць, калі хочам развівацца далей.
На другім месцы па выдатках — Міністэрства абароны. У наступным годзе абарона беларусам будзе каштаваць цэлых 6,8 трыльёнаў. На першы погляд — няслаба. Але эксперт у вайсковай галіне, Аляксандр Алесін, супакойвае — гэта зусім няшмат.
“Гэта на самой справе не вельмі шмат. Па маіх разліках, узровень фінансавання нашай арміі быў у мінулыя гады прыкладна роўны 1,5% ад ВУП. Для параўнання, НАТА рэкамендуе мець выдаткі на абарону ў памеры 2%”.
Алесін дадае, што пры такім узроўні фінансавання, беларускае войска ў стане больш-менш падтрымліваць боегатоўнасць. Аднак на закупку новых узбраенняў і нават на грунтоўную мадэрнізацыю старых разлічваць не прыходзіцца. Усе грошы ідуць на харчаванне ды паліва. Застаецца каля 70-80 мільёнаў долараў. А гэта два новыя сучасныя знішчальнікі — несур’ёзна.
Трэцяе месца нечакана ў Міністэрства аховы здароў’я — яно атрымае амаль 5 трыльёнаў. Мінадукацыі і МУС на чацвёртай і пятай пазіцыях з 4 трыльёнамі рублёў. Далей сумы значна паніжаюцца: 2,6 трыльёна ў Мінтранса, 2,4 у Мінэнергетыкі. Замыкае дзясятку Міністэрства лясной гаспадаркі з трыльёнам рублёў.
Топ-10 самых багатых міністэрстваў. Інфаграфіка Віталя Ругайна.
Нечакана нізкі ўзровень фінансавання энергетычнай галіны Пётр Нікіценка тлумачыць самаакупнасцю. Акадэмік перакананы, што нават гэтую лічбу трэба змяншаць.
“На сённяшні дзень у гэтым кластары наадварот трэба паляпшаць эфектыўнасць працы. Каб лепш выкарыстоўваць энергетычныя магутнасці. Бо ў нас узровень іх выкарыстання дастаткова нізкі”.
З неспадзяванак бюджэту — 980 мільярдаў для Міністэрства культуры і 193 для Мінпрамысловасці. Прычына тая ж — самаакупнасць.
Цікава параўнаць і выдаткі на спецслужбы: КДБ — 753 мільярды, Следчы камітэт — 692, Служба аховы прэзідэнта — 121. Спорт дзяржава у 2013 годзе плануе прафінансаваць больш шчодра, чым сваю бяспеку — плануецца, што Мінспорту атрымае 863 мільярды рублёў.
А вось менш за ўсіх з рэспубліканскага бюджэту атрымае ў наступным годзе Міністэрства ЖКГ — усяго 18 мільярдаў. Нездарма ж тарыфы ўвесь час павышаюць. У дадатак, камунальную гаспадарку фінансуюць і мясцовыя бюджэты. Можна спадзявацца, што не замерзнем.
“Гэта на самой справе не вельмі шмат. Па маіх разліках, узровень фінансавання нашай арміі быў у мінулыя гады прыкладна роўны 1,5% ад ВУП. Для параўнання, НАТА рэкамендуе мець выдаткі на абарону ў памеры 2%”.