Трэцякласнік: ДАІ мяне ахоўвае тры разы! (фота)

“У мяне флікер. Едзе машына, уключае ліхтарык, бачыць флікер і па тармазах. Хлопчыкі праходзяць. А ДАІ мяне ахоўвае тры разы!” — расказвае трэцякласнік Руслан, які вучыцца ў 83-й школе Мінска.

1121130_pilecki_dai.mp3

Вучань дакладвае, што машыны каля яго школы больш не ездзяць — усё перагароджана.

Машын ля школы насамрэч няма. Як і экіпажаў ДАІ. Бацькі расказваюць, што яны прыязджаюць ранкам і ўвечары, калі ля школы найбольш мітусні.

Тая ж карціна ля суседняй 101-й школы. Пад’езд да яе перагароджаны свежавыстаўленай брамай. Здагадваюся аб гэтым па чырвоных плямах на асфальце — фарбавалі яе зусім нядаўна. На дзвярах школы паперка з заклікам да бацькоў, устрымацца ад пад’езду да школы на машыне. Алена, якая прыйшла забіраць дзіця са школы, расказвае, што суправаджае свайго маленькага сына да самай парты.

“Маленькіх дзетак прыводзім проста ў клас. Забіраем іх таксама адтуль. У каго прадлёнка, то яны застаюцца. А нашы вось не ходзяць дык мы іх флікерамі ўсіх забяспечылі. Ахоўваем, беражэм наш скарб”.

У гэтай і яшчэ некалькіх іншых школах мяне таксама запэўніваюць, што ўсё ў парадку — у найбольш напружаныя гадзіны прыязджае ДАІ, а аўтамабілі бацькоў і настаўнікаў блізка да будынка не пад’язджаюць. Дырэктар 101-й, Ірына Леўкавец, паведамляе пра планы арганізаваць навучанне малодшых школьнікаў правілам дарожнага руху, дзе настаўнікамі выступяць старшакласнікі.

Дзеці пра трагедыю ля школы нумар 23 таксама ведаюць. Наперабой расказваюць, што трэба абавязкова насіць з сабой флікер і асцерагацца цёмных месцаў. Максім, які нядаўна пайшоў у першы клас, чакае бацькоў у школе і выходзіць на двор толькі з імі.

“Таму што, калі раптам ты будзеш ісці сам, без бацькоў, а ўжо ходзіш у першы клас — то машына можа прыдушыць. Машына можа прыдушыць, і ты загінеш”.

Малыя ўвогуле бачаць паратунак у бацьках і бабулях з дзядулямі. Вядома, яны абароняць ад вялікіх і небяспечных машын лепш за любую ДАІ.

“Мяне бацькі ахоўваюць. Бацькі. Толькі яны, так!”

Як доўга пратрымаюцца такія надзвычайныя меры каля беларускіх школ — невядома. Сталічныя ўлады абяцаюць пільна сачыць за тым, каб машыны больш не ездзілі ля школ, а некаторыя нават агарадзіць высокім плотам.

“У мяне флікер. Едзе машына, уключае ліхтарык, бачыць флікер і па тармазах. Хлопчыкі праходзяць. А ДАІ мяне ахоўвае тры разы!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі