Ці чакае Беларусь “размарозка” адносін з Еўропай?
Падчас візіта ў Мінск высокапастаўленага еўрачыноўніка пайшлі чуткі пра вызваленне палітвязняў.
9 лютага прадстаўнік Еўрасаюза Гунар Віганд пасля сустрэчы ў МЗС Беларусі паразмаўляў з лідарамі беларускай апазіцыі і грамадскай супольнасці.
Віталь Рымашэўскі, які прысутнічаў на сустрэчы, дзеліцца з Еўрарадыё сваімі меркаваннямі:
“Я думаю, што пра размарозку адносінаў пакуль што казаць рана. Гэты візіт звязаны з дэкларацыяй, на якіх умовах Еўрасаюз гатовы размаўляць з беларускай уладай. На сённяшні дзень было дэкларавана, што ЕС па-ранейшаму разглядае дэмакратычныя сілы Беларусі і грамадзянскую супольнасць, як удзельніка перамоў з беларускімі ўладамі”.
Па словах Віталя Рымашэўскага, ўсё, што было агучана, не выходзіць за межы трохкрокавай стратэгіі аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі. Якая, дарэчы, прадугледжвае вызваленне палітвязняў, сумесны план рэфармавання беларускай эканомікі і правядзенне свабодных выбараў.
Віталь Рымашэўскі: “Пакуль што пазіцыя Еўрасаюза не адыходзіць ад маральных прынцыпаў. Таксама было агучана, што беларускія ўлады, магчыма, выпусцяць кагосьці з палітзняволеных у бліжэйшыя тыдні, але гэта толькі меркаванне, а не дакладнае абяцанне ўладаў”.
У той самы час палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што, калі ўлады і выпусцяць кагосьці з палітвязняў, то гэта будзе нягучнае імя. І такі крок наўрад ці, задаволіць Еўрапейскі саюз.
Алесь Лагвінец: “Я думаю, што Еўрасаюз прапануе абнуліць тыя адносіны, што былі да гэтага. А самае галоўнае праблемнае пытанне – гэта наяўнасць палітычных вязняў. Чакаецца так ці інакш канкрэтны крок з боку беларускіх уладаў”.
Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы, было стварэнне экспертных камісій, якія зоймуцца трансфармацыяй краіны ў розных галінах. Мяркуецца, што ў іх увойдуць прадстаўнікі як апазіцыі, так і афіцыйнай беларускай улады. Алесю Лагвінцу стварэнне такіх камісій падаецца цалкам рэальным.
Алесь Лагвінец: “Пытанне, наколькі ўлады захочуць гэта рабіць, і ці здольны яны пасля гэтага рэалізоўваць выпрацаваныя прапановы. Пытанне, ці здольныя ўлады, не прымяняючы сілавыя механізмы, паспрабаваць наладзіць грамадскі дыялог”.
Нагадаю, Гунар Віганд з’яўляецца дырэктарам дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга Партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС. Менавіта ён агучыў 12 студзеня жаданне ЕС пашырыць “спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў”, дадаўшы туды 135 асобаў.