У Бабруйску не могуць паставіць камеру на стадыёне, бо не хапае грошай?

Адкрыццё футбольнага сезону ў Наваполацку і Бабруйску адкладаецца з-за… дрэннага надвор’я. Так, наваполацкі “Нафтан” збіраецца праводзіць на выездзе ўжо другі свой хатні матч.

“Застаемся на гульню са “Славіяй” 14-га красавіка, пасля “Гомеля”(10 красавіка — заўвага Еўрарадыё) не прыязджаем дадому, едзем у Мазыр. Будзем жыць, трэніравацца, і там згуляем. Пасля прыедзем дадому, і 21-га будзем адкрываць футбольны сезон у Наваполацку гульнёй з “Мінскам”, — распавядае Еўрарадыё старшыня клуба Леанід Падліпскі.

На яго думках, віной усяму — дрэннае веснавое надвор’е, якое ўсталявалася ў Беларусі. “Нафтан” нават пачаў рыхтаваць афішы і аб’явы на тэлебачанні перад матчам з “Гомелям”. Але ў апошні момант пашкадаваў газон хатняга стадыёна.

Леанід Падліпскі: “Гуляць на непрыдатным полі — пакута. І вынік можа быць іншы. І самае галоўнае, што мы можам сваё поле так сапсаваць, што не ўзновім да жніўня”.

Бабруйская “Белшына” таксама пашкадавала свой газон — вось ужо другую хатнюю гульню бабруйчане правядуць у Жлобіне. Генеральны дырэктар клуба Генадзь Варакса абяцае, што 14-га красавіка поле ў Бабруйску будзе гатова да матчаў. Адзіная праблема: праводзіць гульні на “Спартаку” не дазваляе Упраўленне ўнутраных справаў бабруйскага гарвыканкама.

“У адпаведнасці з патрабаваннямі, усе стадыёны мусяць быць абсталяваны відэаназіраннем. Але вы разумееце, што гэта выдатковае мерапрыемства. А стадыёны, у асноўным, належаць мясцовай выканаўчай уладзе. І, як заўсёды, не хапае сродкаў, каб абсталяваць стадыёны відэаназіраннем. Пэўна, УУС Бабруйскага гарвыканкама зачапілася за гэты пункт, патрабаванне федэрацыі, што мусіць быць відэаназіранне”, — тлумачыць сітуацыю галоўны спецыяліст дэпартамента па правядзенні спаборніцтваў федэрацыі футбола Аляксандр Чэрнік.

Прадстаўнік федэрацыі футбола кажа, што ў іншых гарадах да адсутнасці відэакамер ставяцца з паразуменнем. І спадзяецца, што хутка праблема вырашыцца і ў Бабруйску. А вось поле там выклікае прэтэнзіі ўжо не першы год.

Ніякіх нараканняў на якасць поля няма ў Барысаве. Аграном мясцовага стадыёна  Анатоль Шадзін кажа, што калі прыкласці пэўныя намаганні, можна падрыхтаваць газон нават у цяперашніх умовах надвор'я.

Анатоль Шадзін: “Справа ў тым, што нашыя палі, як правіла, без дрэнажа, зроблены па-старому. Наколькі ведаю, такіх палёў у Еўропе ўжо даўно няма. Канешне, надвор’е ўносіць свае карэктывы. Але няма ніякай таямніцы: прыбралі снег раней часу — вось і ўсё. Прамерзла зямля, вада растала, скацілася. Поле не было занадта ўвільготнена, яго ёмкасці хапіла, каб прыняць вільготнасць”.

На дадзены момант 4 беларускія стадыёны маюць 3-ю катэгорыю рэйтынгу стадыёнаў ФІФА (Цэнтральны стадыён у Гомелі, гродзенскі “Нёман”, спартовы комплекс “Брэсцкі” і мінскі стадыён “Дынама”). Мяркуецца, што пасля рэканструкцыі мінскага “Дынама” і ўзвядзення новай арэны ў Барысаве, у Беларусі з’явяцца 2 стадыёны вышэйшай 4-й катэгорыі.

Фота: news.21.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі