У Беларусі тройчы судзілі за абразу ў сацыяльных сетках

Дырэктар фірмы прыйшоў у рэстаран, там адбыўся канфлікт. Пасля ў сацсетцы ён знаходзіць дзяўчыну — супрацоўніцу рэстарана, і называе яе "сукай". Дзяўчына проста раздрукавала старонку і напісала заяву ў міліцыю. Там спачатку не сталі распачынаць справу, але ўступілася пракуратура. У выніку штраф 500 тысяч, пры максімальным 2 мільёны рублёў.


"Ён сваю віну цалкам прызнаў. Таму не было неабходнасці даваць яму максімальнае пакаранне", — распавядае Еўрарадыё памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэй Млячко.


Але як даведалася Еўрарадыё, у Віцебску гэта не першы такі выпадак. У судзе Кастрычніцкага раёна гэтага горада прыгадваюць пра штраф у шэсць базавых таксама за абразу ў інтэрнеце.


"Абраза па месцы жыхарства, выкарыстоўваючы сацыяльную сетку інтэрнет. Там была абражаная жанчына. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і пакаяўся. Ды і яна моцна прэтэнзій не мела. Таму ён атрымаў шэсць базавых".


Аштрафаваны віцеблянін прызнаўся, што гэта ён адправіў карыкатуру з абразлівым подпісам сексуальнага характару, распавядаюць у судзе.


Ці шмат такіх спраў, Еўрарадыё цікавіцца ў адваката, які адразу звяртае ўвагу на нешта падобнае ў абодвух выпадках.


"Чалавек па сутнасці сам прызнаў факт абразы. Дапусцім, нехта ад вашага імя піша абразу. Але трэба даказаць, што гэта былі вы, а не была ўзламаная старонка. Калі чалавек адмаўляе гэты факт, то трэба даказваць, што заходзілі праз яго IP-адрас. А калі нават так, то ёсць тэхналогія Wi-Fi і гэта мог зрабіць нехта іншы. Таму, на мой погляд, пытанне прыцягнення да адказнасці па гэтым артыкуле дыскусійнае і магчымае толькі ў выпадку, калі чалавек сам прызнае віну".


У судзе таксама кажуць, што такіх спраў раней не было, бо даказаць даволі складана.


"Такая справа была ўпершыню. Звычайна з такім у суд не звяртаюцца. Бо там жа і даказаць не так проста. А тут мужчына прызнаў, што гэта сапраўды ён рабіў і наўмысна абражаў".


Зараз праваахоўныя органы сталі трохі па-іншаму глядзець на гэтыя факты, адзначае адвакат. Вось дадаўся і яшчэ адзін выпадак у Віцебску. Але ў іншых гарадах такіх гісторый не знайшлося.


"Абразаў даволі шмат, але такога... Вось калі нехта з кімсьці пасварыўся — гэта бывае. А праз інтэрнет — не", — адказваюць ў Савецкім судзе Гомеля. У судзе Чыгуначнага раёна прыгадваюць нават выпадкі абразаў па тэлефоне. Але пра знявагу ў інтэрнеце не чулі.


Еўрарадыё ўзгадала, што быў яшчэ адзін суд за абразу праз сацсетку "Вконтакте" ў Лідзе. Там судзілі Яўгена Куцко, якога абвінавацілі ў абразе старшыні райвыканкама. Яўген Куцко напісаў пра яго апавяданне, у якое дадаў розныя выдуманыя дэталі і параўнанні, ды апублікаваў яго на сваёй старонцы. Хлопцу далі штраф у 700 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі