У беларускіх цэрквах і касцёлах моляцца за ахвяраў тэракту
13 красавіка кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт наведаў станцыю метро "Кастрычніцкая".
Паводле інфармацыі сайта БПЦ, экзарх "абвясціў вечную памяць душам памерлых рабоў Божых у горадзе Мінску ў метро ліхадзейна забітых". Ён усклаў кветкі да памятнай дошкі з фатаграфіямі загінулых, усталяванай ля ўваходу ў метро, "спусціўся непасрэдна да месца трагедыі, дзе таксама ўзнёс малітвы аб ахвярах выбуху". Цягам 40 дзён маліцца за пацярпелых будуць ва ўсіх храмах Беларускай праваслаўнай царквы.
13 красавіка прайшлі набажэнствы ва ўсіх касцёлах, паведамляе сайт Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. "Каталікі нашай краіны моляцца аб вечным супакоі для загінуўшых, аб акрыянні для параненых і пра тых, хто нясе дапамогу пацярпелым", — адзначаецца ў паведамленні.