У беларускіх каталікоў — Вялікдзень
Хрысціяне гэтай канфесіі, а таксама пратэстанты і ўніяты адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыста.
У пастарскім пасланні на Вялікдзень мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў сярод іншага: “Сын Божы прыйшоў у свет, дзе дамінуе грэх і смерць. Аднак Ён прыйшоў, каб прабываць сярод смерці і няшчасцяў як Жыццё свету. Да Яго спяшаліся розныя хворыя і пракажоныя, бацькі памерлых дачок і маці памерлых сыноў і г.д. Езус правёў сваё жыццё сярод сляпых, кульгавых, глухіх, нямых, грэшнікаў, апантаных нячыстымі духамі і г.д. Жывучы сярод няшчасцяў і смерці, Валадар Жыцця паддаўся ёй на дрэве крыжа і зышоў у магілу”.
Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў вернікаў з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Ён павіншаваў іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць Вялікдзень, а таксама праваслаўных, якія праз тыдзень заспяваюць “Алелюя”.
“Пасха Хрыстова — гэта наша супольнае хрысціянскае свята, якое заклікае нас не шукаць жывога сярод памерлых і радавацца перамозе жыцця. Аб’яднаем нашы духоўныя сілы і намаганні ў абароне Божай праўды, якая вядзе да сапраўднага жыцця і шчасця ў Божай ласцы, якога ніхто і нішто не можа нас пазбавіць”, — сказаў арцыбіскуп.