У Брэсце беларускамоўных вучаць чытаць па рускім буквары
Першаклашкі беларускамоўнага класа Брэста ўжо месяц навучаюцца без падручнікаў на роднай мове.
Па дапамогу адшукаць літаратуру бацькі звяртаюцца ў аб'явах і сацыяльных сетках. Нагадаем, адзіны беларускамоўны клас ва ўсім Маскоўскім раёне горада быў створаны намаганнямі саміх бацькоў. На працягу некалькіх месяцаў яны самастойна праводзілі інфармацыйную кампанію ў сваім раёне — расклейвалі абвесткі.
Зараз жа бацькі сутыкнуліся з новай праблемай: з-за адсутнасці спецыяльнай літаратуры настаўнікі звярнуліся да буквароў і падручнікаў на рускай мове. Кіраўніцтва школы супакойвае, што нібыта з часам і беларускамоўныя падручнікі з'явяцца. Як паведаміла Еўрарадыё маці аднаго з навучэнцаў Маргарыта Вялічкіна, пакуль даводзіцца карыстацца ксераксам, каб забяспечыць усіх вучняў класа матэрыяламі для навучальнай праграмы.
Адміністрацыя школы абяцае, што беларускамоўныя падручнікі будуць з 1 кастрычніка, калі іх замовяць цэнтралізавана.