У Брэсце крытычна не хапае кіроўцаў грамадскага транспарту (фота)
Найцяжэйшая сітуацыя — у аўтобусным парку: там за руль аўтобуса не хочуць сядаць жанчыны.
У гарадскім Цэнтры занятасці заяўленыя 21 вакансія кіроўцы тралейбуса і 19 — кіроўцы аўтобуса. У адміністрацыі аўтобуснага парку кажуць, што ўвогуле ім трэба яшчэ больш кіроўцаў — каля трыццаці. А больш за 10% адсутных кіроўцаў — гэта ўжо крытычна, кажуць у аўтапарку.
Дарэчы, сярод 230 кіроўцаў гарадскога аўтобуса няма ніводнай жанчыны. Яны ідуць у тралейбусны парк, нягледзячы на тое, што тут могуць даць месца ў інтэрнаце, а там бонусы слабейшыя: летнік для дзяцей ды санаторый у выпадку прафесійнага захворвання.
Тралейбусы больш простыя ў эксплуатацыі. Мабыць, уплываюць на выбар і грошы. У тралейбусным парку абяцаюць 2 мільёны 100 тысяч рублёў. А кіроўца аўтобуса можа зарабіць ад 1 мільёна 600 тысяч да 2 мільёнаў рублёў.