У Брэсце на Дзень Волі арганізуюць гульню
На 25 сакавіка актывісты Агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч" запланавалі некалькі мерапрыемстваў.
Спачатку а 12-й гадзіне наведаюць магілу дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Адама Трыпуса (1895? — 1965) на Трышынскіх могілках. Як паведаміў Еўрарадыё актывіст “Дзедзіча” Сяржук Кавалько, пасля ўскладання кветак і расповяду пра дзейнасць Трыпуса прысутныя прымуць удзел у гістарычнай гульні-віктарыне "БНР-Берасце".
Сяржук Кавалько: "Брэстаўчанам выдадзім некалькі заданняў, звязаных з гісторыяй БНР. Па ўсім горадзе будуць раскладзены падказкі, па якіх і трэба будзе перасоўвацца. Гульня павінна скончыцца на могілках войска Булак-Балаховіча, якое выступала як асобны атрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля маленькай экскурсіі там і пройдзе ўзнагароджанне каманд-пераможцаў".
Увечары актывісты плануюць правесці на гарадскіх вуліцах ужо традыцыйную раздачу віншавальных паштовак.
Нагадаем, 25 сакавіка 1918 года ў Мінску Рада БНР прыняла 3-ю ўстаўную грамату, якой абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць Беларусі. Угодкі гэтай даты адзначаюцца як Дзень Волі, неафіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі.
Фота — dzedzich.org