У Брэсце навучальны год распачаўся без беларускамоўнай групы ў садку
Да 1 верасня ў горадзе не набралося пяці дзяцей — неабходнай колькасці для стварэння групы.
Дазвол на яе стварэнне даў кіраўнік Маскоўскага раёну Аляксандр Рагачук яшчэ ў чэрвені. Разглядаючы зварот бацькоў 4-гадовай Камілы, ён пагадзіўся прадставіць дзяўчынцы навучанне на роднай мове. Адзіная ўмова: знайсці не менш за пяць патэнцыйных навучэнцаў, чые бацькі таксама жадаюць, каб іх дзеці атрымлівалі веды па-беларуску.
Са словаў маці дзяўчынкі Міланы Харытонавай, у адсутнасці ахвотных бацькоў вінаваты аддзел адукацыі.
Мілана Харытонава: "Мы зрабілі ўсё тое, што ад нас залежала: распаўсюджвалі інфармацыю, шукалі ахвотных. Але ў аддзеле адукацыі не зрабілі нічога, і нават, можна сказаць, заміналі нам — хаця б тым, што не дазволілі ў сябе размесціць абвестку пра набор такой вось групы. Казалі, што ў дзяржаўнай установе гэта забаронена! Таксама яны не інфармавалі людзей, якія прыходзілі запісвацца ў садкі, што ўвогуле існуе такая ініцыятыва".
Тым не менш, кіраўніцтва садка №69 прапанавала Харытонавай альтэрнатыўнае вырашэнне праблемы: самастойна загітаваць бацькоў у першыя навучальныя дні. Калі знайсці ахвотных не атрымаецца нават так, Каміла будзе навучацца ў звычайнай групе. Праўда, як запэўніваюць выхавацелі, у яе будзе індывідуальная беларускамоўная праграма.
Дарэчы, роўна год таму таксама намаганнямі бацькоў у пачатковай школе №34 з'явіўся першы беларускамоўны клас — адзіны ў Маскоўскім раёне гораду. Але групы ў дзіцячым садку з навучаннем па-беларуску там пакуль няма.
Фота Камілы — з сямейнага архіву Міланы Харытонавай