У Брэсцкай крэпасці адбылося перазахаванне чырвонаармейцаў з Варонкі
Пад мемарыяльнымі плітамі крэпасці знайшлі супакой 58 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1941 годзе і былі прыкапаныя ў варонцы ад супергаўбіцы “Карл” на Цытадэлі
Пры раскопках, якія доўжыліся з 19 па 29 кастрычніка, знайшлі таксама 9 медальёнаў. Тры з іх прачыталі. На перазахаванні прысутнічалі родныя салдатаў Аляксандра Міхайлавіча Тагліна і Дзяніса Тарасавіча Пахарэнкі з Украіны, Рыгора Сямёнавіча Зінчанкі з Расіі.
Нагадаем, у 2009 годзе аматары батальнай гісторыі вакол сайта fortification.ru выклалі ў інтэрнэт картку з сямейнага альбома, атрыманую ў Аўстрыі: ваеннапалонныя скідваюць у Варонку загінулых таварышаў. Праз два гады пачаліся раскопкі.
У Брэсцкай крэпасці яшчэ каля 30 суперваронак, у якіх, напэўна, пахаваныя людзі, кажуць аўтары знаходкі. Пад плітамі Мемарыяла пакояцца 1020 чалавек, (з іх 744 невядомых), а паводле нямецкай статыстыкі страты Чырвонай Арміі ў Брэсцкай крэпасці склалі каля 2 тысяч чалавек.