У Чаркасах абаронцы ўкраінскай мовы будуюць намётавае мястэчка
Апазіцыйныя партыі і грамадскія арганізацыі хочуць зладзіць бестэрміновую акцыю супраць моўнага закона.
Намётавае мястэчка ставяць на Саборнай плошчы Чаркасаў, перадае сайт "Подробности". Пра пачатак акцыі на мітынгу абвясціў лідар аб'яднанай апазіцыі Чаркаскай вобласці Леанід Дацэнка.
Апазіцыя патрабуе, каб прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не падпісваў закон аб мове. Акцыі супраць "моўнага" закона праходзяць таксама ў мностве украінскіх гарадоў — Харкаве, Палтаве, Івана-Франкоўску, Львове ды іншых.
Нагадаем, 3 ліпеня Вярхоўная рада прыняла закон пра асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі. Закон прадугледжвае афіцыйнае выкарыстанне рэгіянальных моваў у працы мясцовых органаў дзяржулады, калі на тэрыторыі пражываюць як мінімум 10% носьбітаў гэтай мовы.
Фота — vsevesti.com