"Чорны спіс" невыязных дзейнічае: Лябедзька, Калякін, Карняенка, Стэфановіч
У той жа час Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Юрый Губарэвіч і Аляксей Кавалец атрымалі дазвол на выезд з Беларусі.
10 сакавіка беларускія памежнікі не выпусцілі ў Літву кіраўніка партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна і каардынатара кампаніі "За свабодныя выбары" Віктара Карняенку. Ніякіх тлумачэнняў яны не атрымалі. Нагадаем, што 7 сакавіка ў Літву не змог выехаць лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Тым не менш, 11 сакавіка ўсе трое гэтых апазіцыйных палітыкаў здолелі патрапіць у Літву. Там у нядзелю праходзіла нарада апазіцыйных лідараў, прысвечаная назіранню за будучымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.
У нядзелю не здолеў выехаць у Літву праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Аднак лідараў Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і Рыгора Кастусёва, а таксама прадстаўнікоў руху "За Свабоду" Юрыя Губарэвіча і Аляксея Кавальца праз беларуска-літоўскую мяжу 11 сакавіка прапусцілі.
Яшчэ 29 лютага партал TUT.BY са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва краіны, паведаміў, што створаны спіс невыязных, у якім значыцца 108 прозвішчаў — людзей, якія заклікалі да ўвядзення санкцый. У іх ліку, нібыта, былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Ужо праз некалькі дзён Генпракуратура папярэдзіла, што за заклік да санкцый не выпусцяць за мяжу, а могуць і завесці крымінальную справу. Аднак афіцыйна ніхто не пацвердзіў, што адмысловы спіс існуе.
Прэс-служба АГП адзначае, што "чорны спіс" можа быць "кропкавы" і ў ім значна менш за 108 чалавек.
Фота: flickr.com