У Дзень студэнта мінскім навучэнцам выдалі "павесткі" ў армію

Незвычайная акцыя ад кампаніі "Гавары Праўду" адбылася ля прыступак Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ў Мінску. Моладзевыя актывісты задавалі студэнтам простыя пытанні і выдавалі ім імправізаваныя павесткі з пералікам праблем беларускай арміі.

Актывісты: 2 жаўнеры+2 жаўнеры?
Хлопцы: Чатыры, напэўна.
Актывісты: Вас чакае Прызыў – 2011! Прашу!
Дзяўчына: Дайце мне такую павестку!
Хлопец: Ужо ваенныя білеты дома ляжаць, пацаны!



Імправізаваная павестка




Пра мэту акцыі кажа адзін з яе ўдзельнікаў Павел Вінаградаў: "Інфармаванне, што нашая армія зусім не такая, якая патрэбная дзяржаве. У ёй адбываюцца ненармальныя рэчы. Акцыя скіраваная на будучыню, з тым, каб у краіне была альтэрнатыўная служба, і кантрактная служба".



Па словах Паўла, акцыя прайшла на пазітыве.

Павел Вінаградаў: "Увогуле забаўна, весела і пазітыўна! Рэакцыя ў асноўным станоўчая, але былі і такія, каму нашы матэрыялы вельмі не спадабаліся".

Сярод іх – хлопцы з добраахвотнай службы аховы парадку, а таксама мужчына, які прадставіўся выкладчыкам універсітэта. Ён патрабаваў прад'явіць журналісцкія пасведчанні, казаў, што агітацыя ля ўніверсітэта забароненая і камусьці па тэлефоне зачытваў змест улёткі.

Мужчына, які прадставіўся выкладчыкам універсітэта: "Акцыя, дзе людзі раздаюць няправільную інфармацыю! Вы чаму не асвятляеце іншыя акцыі? Як 80-годдзе ўніверсітэта напрыклад?"



Абаротны бок "павесткі"

Па словах аднаго з арганізатара акцыі Міхася Пашкевіча, абмеркаванне законапраекта аб альтэрнатыўнай службе нечакана зацягнулася. У сакавіку Савет Міністраў сфармаваў спецыяльную міжведамасную працоўную групу. І вынясенне праекта на абмеркаванне планавалася яшчэ на 1 верасня. На думку Міхася Пашкевіча, да зацягвання спрычынілася вайсковае лобі.

Міхась Пашкевіч: "Менавіта вайсковае лобі дамагаецца, каб тэрмін альтэрнатыўнай службы быў удвая даўжэйшы за вайсковую службу. Яно ж дамаглося, каб забіралі завочнікаў у войска".

Фота: Юлія Сакалова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі