У Гродне адкрылася выстава да 120-годдзя Максіма Багдановіча (фота)
Гэта адна з шэрагу імпрэз да юбілея класіка беларускай літаратуры, лёс якога быў звязаны з Гроднам.
8 снежня ў гродзенскай выставачнай залі мастакі адкрылі вялікую экспазіцыю жывапісу, графікі і скульптуры “Блакітны санет”. Як адзначылі куратары, калі яны звярнуліся да творцаў з ідэяй выставы да 120-годдзя паэта, у многіх ужо былі ў запасе працы, прысвечаныя Багдановічу.
9 снежня аматары творчасці класіка збяруцца ў Доме-музеі Багдановіча на літаратурную гасцёўню. А 15 снежня ў гарадскім Доме культуры пройдзе літаратурна-музычны вечар.
Сям’я Максіма Багдановіча пераехала з Мінска ў Гродна, калі будучаму паэту быў усяго 1 год. У 1892 годзе ягоны бацька атрымаў тут працу ў банку. Пасля смерці маці Багдановіча ў 1896 годзе сям’я з’ехала ў Ніжні Ноўгарад. У Гродне захавалася магіла маці Багдановіча на старых праваслаўных могілках і дом у раёне “Новы Свет”, дзе жыла сям’я.