У крамах прадаюць ідэалагічна правільныя гальштукі і майткі (фота)
Услед за шапкай-вушанкай колеру лукашэнкаўскага сцяга на прылаўках крам з'явіліся і іншыя дэталі гардэроба.
Журналісты выявілі ідэалагічна правільныя кашулі, гальштукі і насоўкі ў фірмовай краме дзяржынскай швейнай фабрыкі “Эліз”, што месціцца на верхнім узроўні мінскага ТЦ “Сталіца”. Камплект складаецца з зялёнай насоўкі і такога ж гальштука, на які нанесены бел-чырвоны беларускі нацыянальны арнамент — такі ж, як на афіцыйным сцягу, піша TUT.BY.
Набыць патрыятычны гальштук і насоўку прапануецца ў камплекце з чырвонай кашуляй — таксама, зразумела, вытворчасці “Эліз”. Праўда, за яе прыйдзецца заплаціць асобна.
Прадаўцы фірмовай крамы ухвальна паставіліся да цікавасці журналістаў, падкрэсліўшы, што “напрыклад, у Амерыцы ахвотна купляюць і носяць зорна-паласатыя кашулі і гальштукі, а ў Расіі — у колерах іх трыкалора; беларусы нічым не горшыя за іншыя народы, мы таксама патрыёты сваёй дзяржавы”.
Адчуць сябе беларускім патрыётам, мяркуючы па цэнніку, можна ўсяго за 91 тысячу 260 айчынных рублёў.