У Літве за БАТЭ балелі латышы і палякі
А беларусы баяліся дастаць бел-чырвона-белы сцяг.
А палове на дзесятую з Мінска ў бок Літвы выехалі 2 новенькія МАЗы.
Некаторыя хлопцы пачалі падымаць чарку за перамогу любімай каманды яшчэ ў межах кальцавой. Варта аддаць належнае: усе паводзілі сябе добразычліва і культурна. А з-за спякоты ўзнікала ўражанне, што аўтобусы накіроўваюцца не на поўнач у Літву, а некуды ў Крым на курорт.
Некаторыя заўзятары вырашылі сумясціць прыемнае з карысным, паспрабаваўшы правезці і прадаць у Літве танныя беларускія цыгарэты. Бліжэй да мяжы “чаўночнікі” пачалі варушыцца.
Мяжу перасеклі паспяхова. Дарэчы, увесь шлях да яе аўтобусы суправаджала машына ДАІ. Наступная сустрэча з праваахоўнікамі адбылася толькі на ўездзе ў Панявежыс. Там здарыўся і непрыемны інцыдэнт з ужываннем спецсродкаў. Паводле словаў відавочцаў, некалькі барысаўчан зладзілі “жартаўлівую бойку”. Літоўскі паліцыянт, не разбіраючыся, выкарыстаў газавы балончык . Добра, што абыйшлося без цяжкіх траўмаў.
Што тычыцца самога матчу, то больш цікавым карэспандэнту Еўрарадыё падаўся першы тайм, у якім мелі перавагу барысаўскія футбалісты. Але забіць ім так і не ўдалося — як і ў другім тайме, калі барысаўчане гулялі ў большасці.
Але назіраць за гульнёй, знаходзячыся побач з фанацкім сектарам, было складана. Сачыць за самой падтрымкай было цікавей. Дарэчы, перажываць за барысаўчан прыехалі фанаты латвійскага “Вентспілса”. Гэта своеасаблівая падзяка за падтрымку латышоў з боку барысаўскіх фанаў у Салігорску 2 тыдні таму. Пабалець за БАТЭ прыехалі нават фанаты з Польшчы.
Пасля матчу Еўрарадыё паразмаўляла з заўзятарамі.
Зміцер раней жыў у Барысаве. Цяпер перабраўся ў Мінск. Тут сям’я, праца. Але, па яго словах, Барысаў — заўсёды ў сэрцы. Пару дзён таму Зміцер прыехаў з “Басовішча” і адразу адправіўся ў Літву.
Еўрарадыё спытала ў Змітра, дзе яму спадабалася болей: на футболе ці на рок-фестывалі.
“Гэта розныя рэчы. На “Басовішча” – гэта фестываль, на які я езджу традыцыйна, бо ён мне падабаецца. Атмасфера, музыка, людзі. Ну а футбол — гэта футбол. Раней практыкаваў часта, а зараз вырашыў узнавіць свае паходы на матчы. Прыехала шмат людзей, нягледзячы на складанасці з візамі. На працы ўдалося адпрасіцца. У аддзеле адносяцца з разуменнем, адпусцілі і сказалі “Едзь!”
Адзін хлопец, які быў на выездзе БАТЭ ў Кіеве летась, падзяліўся ўражаннямі наконт паездкі ў Літву.
“Больш спадабалася ў Кіеве. Туды паехала нашмат болей людзей — 20 аўтобусаў, у нас была цэлая трыбуна. Неяк усё было лепш арганізавана, а тут неяк вяла. Можа, спёка адбіваецца. Ды і вынік там быў пацікавей — 2:2, а тут 0:0”.
Хлопец прызнаецца, што за самой гульнёй асабліва не назіраў, бо быў на сектары з фанатамі. Хоць атмасфера на стадыёне заўзятару і спадабалася, дастаць бел-чырвона-белы сцяг, якім хлопец размахваў у Кіеве, адважыўся толькі аднойчы.
“Я думаў, што ў Кіеве я буду спакойна сядзець са сцягам. Мы ж не ў Беларусі, а ў Кіеве. Калі нашы забівалі галы, я яго падымаў. Але штораз падбягаў арганізатар паездкі і загадваў прыбраць. Мяне не знайшлі, хоць і шукалі. Тут людзей паменей, і вызначыць прасцей”.
Хлопец запэўнівае, што будзе вазіць з сабой гэты сцяг на ўсе матчы. Гэта цяпер як талісман — засталася нават кіеўская зацяжка, калі сцяг спрабавалі адабраць.
Спартовы каментатар Уладзімір Навіцкі, які вяртаўся ў Беларусь на адным аўтобусе з заўзятарамі, падзяліўся з Еўрарадыё сваімі ўражаннямі наконт гульні.
“Я думаю, што не толькі адзін я ў вялікай ступені шкадую, што вялікая перавага нашай каманды не ўвасобілася ў забітыя мячы. Вельмі крыўдна, што гульня, якая магла скончыцца нашай буйной перамогай, як распачыналася 0:0, так і скончылася. На прэс-канферэнцыі настаўнік літоўскай дружыны зазначыў, што ў “Экранаса” вельмі добрыя шанцы, каб выйсці ў наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў”.
Сам Навіцкі па-ранейшаму лічыць, што ў БАТЭ больш шанцаў на выхад у наступны раўнд. Згодна з яго словамі, на ўсё адкажа гульня ў Барысаве.
Каментатар адзначае, што хоць увесь час быў заняты працай, добра адчуваў падтрымку фанатаў.
“Вельмі прыемна, што футбольны клуб БАТЭ пайшоў насустрач заўзятарам і без аніякіх грошай наладзіў гэтыя 2 камфартабельныя аўтобусы. Канешне, падтрымка адчувалася. Ну добра, што ўсё больш сучасным становіцца, і фанацкая частка таксама. Ну а галоўнае, што ў людзей ёсць жаданне ехаць па такой спякоце падтрымаць каманду”.
Дзякуй клубу, які зладзіў для сваіх прыхільнікаў паездку ў Панявежыс. Застаецца спадзявацца, што вялікая колькасць фанаў у Барысаве і якасная падтрымка дапамогуць беларускай камандзе перамагчы літоўскага чэмпіёна.