У Мерачоўшчыне абыйшлося без затрыманняў

Святкаванне 264-х угодкаў Тадэвуша Касцюшкі адбылося ў чацвер у Мерачоўшчыне ў Івацэвіцкім раёне. Усе яго ўдзельнікі даехалі да месца без праблемаў, за выключэннем дэлегацыі з Брэста. Аўтобус з актывістамі брэсцкіх дэмакратычных партый, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый міліцыянты затрымалі на ўездзе ў Косава і доўга правяралі дакументы ў кіроўцы. Таму пасажырам давялося паспрабаваць ісці ў Мерачоўшчыну да дома-музея Касцюшкі пешшу. У выніку, на саму ўрачыстасць яны спазніліся.



Адзначым, што сёння ў Мерачоўшчыну сабралося каля 50 чалавек з усёй краіны, у тым ліку пісьменнік Уладзімір Арлоў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, каардынатар "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Саннікаў. Афіцыйная частка святкавання дня нараджэння Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі прайшла мірна.



Для брэсцкіх прадстаўнікоў зайграў бард Зміцер Бартосік. Неўзабаве каля помніка зноў згуртавалася кампактная група. Каардынатар аргкамітэта па святкаванні ўгодкаў Касцюшкі па Брэсцкай вобласці кобрынец Алесь Мех раздаў каляровыя буклеты, падрыхтаваныя краязнаўцам Паўлам Дайлідам з Івацэвічаў.



Тым часам з музея Касцюшкі з’явіліся замежныя дыпламаты. Адбылася прэсавая канферэнцыя. Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлэн акрэсліў важнасць свабоды і постаці генерала Касцюшкі для яе практычнага ўвасаблення ў ягонай краіне і “ўсюды, дзе шануюць гісторыю”.



На пытанне журналісткі Першай праграмы Беларускага тэлебачання аб якасці адносінаў паміж ЗША і Беларуссю Майкл Скэнлэн зазначыў:

"У нас насамрэч ёсць праблема, а менавіта санкцыі, і мы спрабавалі абгрунтаваць, што сітуацыя з правамі чалавека і выбарамі далёкая ад еўрапейскага кантэксту. Разам з тым, мяркуем, што ёсць патэнцыял, каб выбудаваць шматбаковыя стасункі ў розных сферах, і мы маглі б мець у Беларусі больш за пяцёх дыпламатаў".

Саветнік амбасады Швейцарскай Канфедэрацыі Дзітрых Драер сказаў Еўрарадыё:

"Швейцарыя сама па сабе мае мала дачынення да Касцюшкі, акрамя апошніх двух гадоў ягонага жыцця, якія ён пражыў у швейцарскім Салатурне. Там адноўлены дом, дзе ён жыў. Інтэр’еры рэстаўраваныя паводле карцін, якія можна пабачыць у музеях Польшчы. Што да мяне асабіста, то я маю вялікія падставы быць тут сёння, бо родам з Салатурна".



Далей была экскурсія да Косаўскага палаца Пуслоўскіх непадалёку, на якую выправіліся ўсе, хто хацеў, незалежна ад поглядаў, улучна з дыпламатамі. У палацы ідзе рэстаўрацыя. Улады хочуць адкрыць у ім пяцізоркавы гатэль, а радзінны дом Касцюшкі зрабіць штатным месцам агляду для турыстаў.



Аднаўляе Косаўскі палац фірма “Белрэстаўрацыя”. Гісторык архітэктуры з Брэста Ірына Лаўроўская заўважыла, што гаварыць пра Мерачоўшчыну і сядзібу Пуслоўскіх як “палацава-паркавы ансамбль” няправільна, бо палац быў пабудаваны шмат пазней.

Беларускія дэмакраты працягнулі святкаванне ў прылеглай карчме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі