У міліцыю не возьмуць вусатых?
Па новых правілах аб этыцы згаліць рэкамендуюць і бараду з бакенбардамі. А дзяўчынам-міліцыянтам можна фарбавацца, але “каб гэта не выглядала як выклік”.
“Кароткая стрыжка, канцік, барады ніякай, вусоў ніякіх”, — адразу апісваюць належны знешні выгляд міліцыянта ў Партызанскім РУУСе Мінска. Спрабую ўладкавацца інспектарам па справах непаўналетніх. Мне абяцаюць са старту 4,5 мільёна рублёў у месяц. І папярэджваюць: “Давядзецца насіць форму”.
“Кароткая стрыжка, канцік, барады ніякай, вусоў ніякіх”.
У Заводскім РУУСе сталіцы таксама ёсць вакансіі. Там бакенбарды, вусы ці бараду дазваляюць насіць толькі ў выключных выпадках.
“Калі ўжо становяцца супрацоўнікамі міліцыі — мусяць належна выглядаць. Але ў выключных выпадках можна бараду. Гэта калі трэба шнар прыкрыць ці іншыя знявечанні”, — тлумачаць мне ў міліцыі.
"Але ў выключных выпадках можна бараду. Гэта калі трэба шнар прыкрыць ці іншыя знявечанні".
Дзіўна, бо экс-міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў насіў вусы. Але цяперашні кіраўнік МУС і яго намеснікі, відаць, строга сочаць за новымі загадамі — вусы не расцяць.
Дзяўчынам-міліцыянтам можна карыстацца касметыкай. Але каб не было перабору, папярэджваюць мяне ў Заводскім РАУСе сталіцы:
“Вы ж самі разумееце. Фарбавацца можна, але каб гэта не выглядала як выклік”.
Ці адпавядаюць міліцыянты на вуліцы гэтым нормам? На сталічным вакзале заўважаю патрульных міліцыянтаў: хлопца і дзяўчыну. У міліцыянта кароткая стрыжка, вусоў, барады і бакенбардаў няма. У дзяўчыны нафарбаваныя вочы. Значыць, можна. Але калі пытаю пра дрэс-код, размаўляць наадрэз адмаўляюцца. Відаць, згодна з новымі правіламі этыкі, з журналістамі праваахоўнікі не камунікуюць.
Наступны супрацоўнік міліцыі, якога я сустракаю на вуліцы, адразу кажа: “Па новых правілах асабліва нічога не змянілася”.
Паводле яго слоў, у транспарце міліцыянту нельга займаць месца. Трэба быць чыста паголеным і прыстойна выглядаць. Але гэта было і да выхаду новага загада “Аб Правілах прафесійнай этыкі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”, упэўнівае міліцыянт.
Нагадаем, раней дзейнічаў загад МУС “Аб ветлівых і ўважлівых адносінах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў да грамадзян”. Ён быў прыняты яшчэ ў 2005 годзе тагачасным кіраўніком МУС Уладзімірам Навумавым.
Фота: nash-dom.info