У заяўцы на "Чарнобыльскі шлях" папрасілі не арыштоўваць апаратуру
Арганізатары акцыі просяць дазволіць шэсце ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў.
Пачатак акцыі, якая мусіць прайсці пад патрабаваннем адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС, запланаваны на 18.30 чацвярга, 26 красавіка. У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый, рухаў і грамадскіх арганізацый (старшынём быў абраны прафесар Юрый Хадыка).
Юрый Хадыка: “Нават самая радыкальная моладзь зразумела, што карысць ад мірнага шэсця значна большая, чым ад сутыкненняў з міліцыяй. Таму мы проста абмяркоўвалі дэталі, сярод якіх былі вельмі важныя. Напрыклад, на мінулай буйной акцыі на Дзень Волі сабралася 3-5 тысяч чалавек, вялікая калона, якую міліцыя прымусіла ісці па ходніках. У заяўцы мы папрасілі дазволіць шэсце па першай паласе праезнай часткі вуліцы Сурганава”.
Другой істотнай дэталлю заяўкі на правядзенне акцыі стала просьба даць указанне гарадской міліцыі не арыштоўваць гукаўзмацняльную апаратуру для дазволенага мітынгу. Але “плана Б” на выпадак, калі апаратура зноў будзе канфіскаваная, у арганізатараў няма, бо яны лічаць немагчымымі такія дзеянні ўладаў, якія дазваляюць акцыю.
Адным шэсцем без мітынгу арганізатары не задаволяцца. Сярод праблемаў, якія будуць уздымацца падчас акцыі — палітзняволеныя, праблемы ўжывання забруджанай ежы і будаўніцтва новай атамнай станцыі на чыстых землях. «Проста прайсці — каму гэта цікава? Гэта было цікава тады калі проста не ведалі пра чарнобыльскую трагедыю”, — зазначае Хадыка.
Малады Фронт гэтым разам пагадзіўся з маршрутам шэсця. Калі Мінгарвыканкам не дасць дазволу на правядзенне шэсця — акцыю праводзіць не будуць. У гэтым выпадку арганізатары спадзяюцца на СМІ, якія павінны шырока асвятліць гэтую адмову ўладаў.
Нагадаем, "Чарнобыльскі шлях" — традыцыйная вулічная акцыя, якая праводзіцца ў Мінску з 1988 года на ўгодкі чарнобыльскай катастрофы.
На здымку: Удзельнікі акцыі "Чарнобыльскі шлях-2011". Фота — bymedia.net