У мінскім гаражы адбыўся выбух, пацярпелі два чалавекі
Выбух газу адбыўся каля 16.50 у гаражным боксе па вуліцы Сцебянёва.
На месца здарэння выратавальнікі высветлілі, што гараж быў арандаваны і ў ім двое мужчын рамантавалі "Фальксваген Пасат". Паводле адной з версій, падчас дэмантажу газавага абсталявання аўтамабіля адбылася ўцечка, газ назапасіўся ў яме і выбухнуў пры ўключэнні электраабсталявання. Мужчын з апёкамі павезлі ў лякарню хуткай дапамогі, інфармуе БЕЛТА.
Паведамляецца, што ад выбуху напалову абрынулася перагародка з сілікатнай цэглы ўсярэдзіне гаражнага бокса. У гаражы таксама знаходзіўся балон з газам, і адмыслоўцы правяраюць, ці не адбылася ўцечка з яго.