У Мінску арыштавалі трох украінскіх студэнтаў
18-гадовы хлопец і двое яго прыяцеляў прыехалі ў Беларусь з турыстычнымі мэтамі, а трапілі ў турму на 10 сутак.
Як паведаміла БелаПАН сястра аднаго з затрыманых, хлопцы мелі вярнуцца ў нядзелю, і калі ў аўторак ад іх не паступіла ніякіх звестак, а тэлефоны выявіліся адключанымі, сваякі забілі трывогу.
Праз знаёмых, міліцыю і амбасаду ўдалося высветліць, што іх забралі ў міліцыю на 10 сутак, за што — не паведамілі. 22 лістапада бацькі аднаго з украінцаў прыехалі ў Беларусь і прывезлі перадачу. Арыштаваных яны не ўбачылі, з перадачы ў іх узялі толькі рэчы. Але пры гэтым бацькам удалося паразмаўляць з чалавекам, якога толькі што выпусцілі і які сядзеў у адной камеры з хлопцамі. Сваякі арыштаванага адзначылі, што гэтага чалавека была разбітая галава.
З яго словаў, украінскіх студэнтаў затрымалі ўначы ў парку, калі яны проста гулялі, бо міліцыі “трэба было для справаздачы”. Сказалі, што хлопцы выпівалі, але экспертызу наконт утрымання ў арганізме алкаголю не праводзілі. Сястра арыштаванага хлопца ў сваю чаргу кажа, што брат вызнае “sxe” — філасофію здаровага ладу жыцця.
Украінцаў таксама прымусілі падпісаць дамову аб неразгалошванні на 10 дзён, то бок, калі б сваякі іх не знайшлі, то дагэтуль нічога б не ведалі пра лёс хлопцаў. Міліцыя нікуды не паведамляла, што затрымала грамадзянаў іншай краіны.
Арыштаваных вызваляць у панядзелак, 26 лістапада, але бацькам не дадуць іх сустрэць. Як паведамляе крыніца Naviny.by, украінцаў хочуць пад канвоем пасадзіць на цягнік у Кіеў. Прычына такога рашэння невядома.
Усе хлопцы — выдатнікі, студэнты вельмі прэстыжнай украінскай ВНУ.