У Мінску будуюць 19-павярховы дом у лічаных метрах ад школы і садка
Плот будоўлі праходзіць па дзіцячай пляцоўцы, над футбольным полем школы — кабель з напружаннем. Мясцовыя жыхары пратэстуюць, але, як высветлілася, будаўнічыя н
У Мінску на вуліцы Бумажкова ўжо амаль год будуецца 19-павярховы
дом паміж дзіцячым садком і школай проста над галовамі дзяцей. З самых
першых дзён будаўніцтва мясцовыя жыхары змагаюцца супраць яго, але
дабіцца нейкай рэакцыі ад чыноўнікаў не атрымоўваецца.
Паводле
словаў Надзеі Любецкай, мясцовай жыхаркі, якая спрабуе спыніць
будаўніцтва, гмах узводзіцца з парушэннямі ад самага пачатку.
"Тут быў сад, які высеклі, мы адразу напісалі ў Адміністрацыю прэзідэнта пра вырубку, але ніякай рэакцыі".
Спачатку
ў Адміністрацыі, каб супакоіць людзей, адказалі, што фірму за гэта
пакаралі, а калі будаўніцтва не спынілася, аказалася, што гэта было
ўзгоднена.
Дом гэты таксама будуецца на
тэрыторыі былога садка, які зачынілі на рэканструкцыю. Пасля аддалі
будынак пад раённы аддзел адукацыі, а тэрыторыю — прыватнай фірме пад
будаўніцтва.
Тут побач з будоўляй гуляюць малыя дзеці
Будаўнічыя
працы вядуцца проста над галовамі ў дзяцей. Плот будоўлі праходзіць па
дзіцячай пляцоўцы, над футбольным полем школы — кабель з небяспечна
вялікім напружаннем. А побач, метрах у 20 ад поля, ставяць кран, які
будзе падымаць грузы да 19-га паверха.
Зранку, калі дзяцей вядуць у садок, побач па вузенькай вуліцы ездзіць тэхніка.
"А
што раніцай робіцца... Дзяцей вядуць у садок, а побач па вузенькай
вуліцы едзе вялікая будаўнічая тэхніка. Я ўсім чыноўнікам казала, што да
бяды засталося вельмі мала", — скардзіцца Надзея Любецкая.
Таксама
не зразумела, што будзе, калі дом на 149 кватэр пабудуюць. Дзе жыхары
змогуць пакідаць свае аўтамабілі? Дом стаіць у 35 метрах ад школы, 30
метрах ад садка і прыблізна на такой жа адлегласці ад вузкай дарогі, на
якой дзвюм машынам цяжка размінуцца, наракае Надзея.
Самае
дзіўнае, што зямлю не прадавалі праз аўкцыён — яе проста аддалі
прыватнай фірме пад будаўніцтва. А 40% кватэр аддалі Партызанскаму
выканкаму, прытым большую іх частку — аддзелу адукацыі.
Згодна
са словамі прадстаўніка фірмы-забудоўшчыка, па скарзе жыхароў была
праведзеная камісія з пяці міністэрстваў, вынікі якой накіравалі Надзеі
Любецкай.
"Нам далі участак для будаўніцтва,
вырашаныя усе працэдурныя пытанні. Не бачу пытанняў у правамернасці.
Уся дакументацыя прайшла экспертызу".
Што
ж датычыцца небяспечнай блізкасці ад дзяцей, то, паводле нормаў,
будаўнічы кран можа знаходзіцца каля спартовай пляцоўкі і садка, дзе
гуляюць дзеці. І аддзел адукацыі гэта ўзгадніў.
"Ён
стаіць у адпаведнасці з зонай бяспекі. Ёсць зона крана плюс 10 метраў —
гэта зона бяспекі. Пасля пастаноўкі крана будуць усталяваныя часовыя
агароджы з боку футбольнага поля і дзіцячага садка. Гэта ўзгоднена з
упраўленнем адукацыі. І дзіцячы садок, і школа паінфармаваныя".
А на гэтым полі праходзяць урокі фізкультуры. Неўзабаве побач паставяць вялізарны кран