У Мінску на чатыры гадзіны знікла святло
Чатыры з дзевяці раёнаў горада засталіся без электрычнасці — Першамайcкі, Савецкі, Заводскі і Партызанскі.
Былі абясточаныя лякарні, жылыя дамы, адміністратыўныя будынкі і крамы. Не хадзіў наземны электратранспарт. З перабоямі працавала мабільная тэлефонная сувязь, паведамляе БелаПАН. У абясточаных шматпавярховіках спыніліся ліфты, перапынілася падача вады.
Прычынай гэтаму стала аварыя на паветранай лініі магутнасцю 110 кВ. У выніку аварыі а 8.28 адключылася падстанцыя “Падлесная” і ўсе яе спажыўцы. Цягам чатырох гадзінаў святло ў лякарнях №1 і №6 падтрымлівалі пры дапамозе генератараў. Таксама ў выніку адключэння спыніліся тры трамвайныя і чатыры тралейбусныя маршруты, тры водапампавальныя станцыі, 21 ліфт з людзьмі ў жылых дамах.