У Мінску назвалі фіналістаў літаратурнай прэміі імя Гедройца
Лаўрэат атрымае 105 мільёнаў рублёў.
На перамогу прэтэндуюць Уладзіслаў Ахроменка, Альгерд Бахарэвіч, Павел Касцюкевіч, Артур Клінаў, Аляксандр Лукашук і Андрэй Федарэнка.
Акрамя галоўнай прэміі, яшчэ як мінімум трое шорт-лістараў будуць узнагароджаныя творчымі стыпендыямі і магчымасцю выдаць творы ў Польшчы. Гэтую ідэю агучыў ганаровы старшыня журы прэміі імя Ежы Гедройца, амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.
Шарэпка: “Я спадзяюся, што гэта будзе не толькі фінансавая прэмія, але і прэмія для лепшых кніг, якія трапяць у шорт-ліст. Мы будзем спрабаваць зрабіць так, каб усе гэтыя кнігі ці большасць з іх былі перадрукаваныя ў Польшчы. У нас нават ёсць некаторыя абяцанні ад польскіх выдавецтваў, а таксама ад нашых калег з Усходняй Еўропы. Таму я спадзяюся, што гэта добры пачатак вялікай ідэі. Спадзяюся, што ў будучым можа стаць так, што беларуская мова будзе больш папулярная ў Беларусі”.
На перамогу прэтэндаваў 21 беларускі літаратар. Адзначым, што ў шорт-ліст не трапілі Віктар Марціновіч з творам “Сцюдзёны вырай”, Лявон Вольскі з кнігай “Міларусь”, Віктар Карамазаў, Макс Шчур ды іншыя пісьменнікі. Мяркуецца, што літаратурная прэмія імя Гедройца стане штогадовай. Дарэчы, у прэміі з’явіўся адмысловы Блог Кнігі, дзе размешчаныя ўсе навіны літаратурнай прэміі, а таксама расклад найбліжэйшых мерапрыемстваў у межах Мінскага кніжнага кірмашу.