У Мінску развіталіся з Русланам Салеем (фотарэпартаж)
Ля ўваходу на крыты каток у парку Горкага ў чарзе стаялі тысячы людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць славутага спартсмена.
Чарга ўвесь час папаўнялася і неўзабаве расцягнулася на колькі соцень метраў. Людзі неслі кветкі і жалобныя вянкі, некаторыя прыйшлі ў форме розных хакейных клубаў. Ля ўваходу на крыты каток стаяла ганаровая варта ў ваеннай форме. Пасля цырымоніі развітання за труной пайшла вялікая калона людзей. Пахаванне адбылося на Ўсходніх могілках.
Капітан беларускай хакейнай зборнай Руслан Салей загінуў у авіякатастрофе пад Яраслаўлем 7 верасня. Разам з клубам “Лакаматыў” ён ляцеў на матч у Мінск. Разам з ім загінулі яшчэ два беларусы — хакеіст Сяргей Астапчук і трэнер Мікалай Крываносаў. Іх пахаваюць заўтра.
Беларусы развітваліся з легендай айчыннага хакея апладысментамі. Гэтаксама, як некалі апладысментамі віталі яго гульню за нацыянальную зборную.