У Мінску замежнага студэнта ўратавалі ад суіцыду
Інцыдэнт адбыўся ў інтэрнаце Беларускага медуніверсітэту па праспекце Дзяржынскага.
1 снежня ў МНС паступіла паведамленне ад мінакоў, што ў гэтым інтэрнаце патрэбная дапамога. Ратавальнікі прыбылі на месца і ўбачылі, што на восьмым паверсе 12-павярховага будынку з вонкавага боку незадымленай лесвічнай клеткі вісіць малады чалавек, якога знутры трымаюць трое студэнтаў.
Хлопца ўратавалі пры дапамозе каленчатага пажарнага аўтапад’ёмніка. У выніку сваёй спробы звесці рахункі з жыццём туркменскі студэнт атрымаў толькі ўдар грудной клеткі, паведамляе БелаПАН. Міліцыя расследуе абставіны інцыдэнту.