Затрыманых журналістак "Нашай нівы" адпусцілі
Ірына Арахоўская і Аксана Рудовіч здымалі відэаапытанне на прыпынку "Плошча Бангалор". Дзяўчат затрымалі проста ў тралейбусе.
Яны вярталіся з плошчы Бангалор, дзе праходзіў мітынг удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху", у рэдакцыю газеты "Наша ніва". Іх вывелі з тралейбуса на прыпынку каля "Гарызонта" людзі ў цывільным. Пасля журналісткі апынуліся ў Савецкім РУУС.
З'явілася інфармацыя, што журналістак Рудовіч і Арахоўскую затрымалі, калі яны здымалі збіццё анархіста Ігара Трухановіча, паведамляе "Наша ніва". У іх праглядзелі відэа, пасля чаго Ірыну Арахоўскую і Аксану Рудовіч адпусцілі.
У пятніцу ў Мінску прайшоў традыцыйны "Чарнобыльскі шлях", дазволены ўладамі. Перад яго пачаткам былі затрыманыя чатыры чалавекі. Каля 21-й гадзіны іх вызвалілі. Пазней каля Савецкага РУУС сталіцы схапілі праваабаронцу Вячаслава Дашкевіча.
Еўрарадыё вяло онлайн з акцыі.