У МУС з'явіцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы
Адбудзецца гэта ў рамках рэфармавання сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў. Пра гэта заявіў міністр Ігар Шуневіч.
Мяркуецца, што новае ўпраўленне забяспечыць каардынацыю ідэалагічнай працы, дапаможа сфармаваць "сацыяльна спелую асобу супрацоўніка, якая мае якасці патрыёта, грамадзяніна і абаронца Айчыны, здольнага супрацьстаяць злачыннасці, карупцыі, штодзённым цяжкасцям і негатыўнаму інфармацыйнаму ўплыву".
"Мы шукаем новыя шляхі фармавання грамадскай думкі аб сваёй дзейнасці і гатовыя да пашыранага дыялогу і ўзаемадзеяння", — цытуе словы Шуневіча БелаПАН. Міністр унутраных спраў паставіў задачу актывізаваць папулярызацыю дзейнасці органаў унутраных спраў на аснове досведу папярэдніх пакаленняў, ініцыяваць стварэнне фільмаў, музычных і мастацкіх твораў пра міліцыю.