У парламент ідуць 2 вартаўнікі, 3 ахоўнікі, слесар і арматуршчык
У Мастоўскай акрузе вартаўнік схопіцца за дэпутацкі мандат са старшынёй калгаса. З 362 кандыдатаў амаль 8% ― беспрацоўныя, яшчэ 8% ― пенсіянеры.
На парламенцкія выбары Партыя БНФ адпраўляе адразу 5 прадстаўнікоў працоўных спецыяльнасцяў. Тут і рэзчык, і арматуршчык, і станочнік, і аператар, і нават… вартаўнік слонімскай птушкафабрыкі! У Мастоўскай выбарчай акрузе №56 вартаўнік супрацьстаіць старшыні сельскагаспадарчага кааператыва ― адзінаму кандыдату ў парламент ад Аграрнай партыі! Ці ёсць шанцы ў вартаўніка?
“Праз тое, што нашая партыя з’яўляецца сапраўды народнай, натуральным чынам сярод нашых кандыдатаў з’явіліся людзі з такімі спецыяльнасцямі. Я лічу, што для партыі БНФ гэта вялікая каштоўнасць. Тым больш, што ў сённяшняй беларускай сітуацыі вартаўніком можа быць і чалавек з вышэйшай адукацыяй, і былы выкладчык ВНУ. Але, паколькі шанцы ў гэтай выбарчай кампаніі вызначаюцца не галасамі выбаршчыкаў, мы добра разумеем, што шанцаў у нашага кандыдата няма ніякіх”, ― распавядае Еўрарадыё старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Сам ён, дарэчы, у спісе кандыдатаў у дэпутаты праходзіць як індывідуальны прадпрымальнік.
Прыклад электрыка-прэзідэнта Леха Валенсы натхняе кандыдатаў амаль ад усіх партый. А вось сярод кандыдатаў у парламент, якіх вылучае “Ліберальна-дэмакратычная партыя”, самая папулярная прафесія ― дырэктар. ЛДП адпраўляе ў парламент больш за 20 менеджараў вышэйшага звяна! Але нават тут ёсць простыя людзі: ахоўнікі, слесар і… яшчэ адзін вартаўнік! На гэты раз ― віцебскага тэатра імя Якуба Коласа.
“Аб’яднаная грамадзянская партыя”, між іншых, адпраўляе ў парламент ахоўніка і кіроўцу. Але сапраўдны біч гэтай партыі ― пенсіянеры. З 35 кандыдатаў у дэпутаты ад АГП пенсіянераў ― 13. Гэта больш за траціну. Ці свядома партыя робіць стаўку на людзей “з добрай крэдытнай гісторыяй”?
“Мы ж не хочам рабіць праблемы нашым людзям, ― тлумачыць логіку складання партыйных спісаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. ― Наша пасланне заключаецца ў тым, што Аляксандр Лукашэнка і яго сістэма ― тупік, а выйсце з тупіка ― гэта сумленныя выбары. Калі мы з такім пасланнем накіруем доктара Аляксандра Спіглазава, ці во ёсць у нас некалькі ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, ― назаўтра яны папросту згубяць працу”.
Пенсіянерам губляць ужо няма чаго. Таксама, як і тым 6 кандыдатам у дэпутаты ад АГП, якія на дадзены момант працы не маюць.
Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што пенсіянерам ва ўладзе не месца.
“Ёсць вельмі кароткі дыяпазон, калі чалавек ужо мае веды і досвед, і, з іншага боку, здольны ўплываць на будучыню, у якой давядзецца жыць яму самому. Што да пенсіянераў, дык, відавочна, яны будуць прымаць законы, пажыць па якім ім асабліва не давядзецца”.
Відаць, разумеючы гэта, “Камуністычная партыя Беларусі” толькі аднаго свайго члена “рэкамендавала” як пенсіянера. Як памаладзелі камуністы за апошнія 20 гадоў! Яшчэ двум сябрам гэтай партыі ўжо час ісці на пенсію, але ў звестках пра сваё месца працы яны… Вырашылі гэта не ўказваць! Какетліва хаваюць узрост ад выбаршчыкаў?
Усяго ж у парламент хочуць трапіць 29 пенсіянераў. Гэта 8% ад агульнай колькасці кандыдатаў.
АГП |
ЛДП |
КПБ |
Партыя БНФ |
БПЛ “Справядлівы свет” |
БСДП (Грамада) |
РПТ і С |
Беспар-тыйныя |
Аграрная партыя |
Агулам |
|
Усяго ў спісе |
35 |
71 |
21 |
30 |
26 |
11 |
9 |
158 |
1 |
362 |
Пенсіянер |
13 |
2 |
3 |
1 |
8 |
1 |
0 |
1 |
0 |
29 |
Беспрацоўны |
6 |
3 |
0 |
9 |
2 |
5 |
0 |
3 |
0 |
28 |
Прыкладна столькі ж ахвочых да дэпутацкага мандата зараз нідзе не працуюць. Нагадаю, калі абіраюць у парламент, папярэднюю працу даводзіцца кінуць! Гэтым 28 кандыдатам кідаць няма чаго. Але каго кідаць тым траім патэнцыйным дэпутатам, якія зараз даглядаюць інвалідаў?
З 362 кандыдатаў 12 ― дактары. Прычым сямёра з іх ― галоўныя, а адзін ― намеснік галоўнага ўрача. Хто пасля выбараў застанецца кіраваць лякарнямі і паліклінікамі? Пытанне адкрытае. Так што беспрацоўны кандыдат у дэпутаты ― гэта не так ужо і дрэнна.
Фота: sb.by.