У Шаркаўшчынскім раёне згарэлі двое трохгадовых дзяцей
Трагедыя адбылася сёння, 25 студзеня ў вёсцы Вялікае Сяло.
У выніку пажару ў прыватным жылым доме загінулі двое хлопчыкаў, якім у снежні мінулага года споўнілася па 3 гады. Слупы дыму з-пад даху і з вокнаў дома заўважылі суседзі, якія выклікалі пажарных. Калі ратавальнікі прыехалі на месца, ужо было адкрытае гарэнне будынка, часткова абрынуўся дах. Пад заваламі і знайшлі трупы дзяцей.
Па звестках МНС, тут пражывала шматдзетная сям’я, у якой маці выхоўвала шасцярых дзяцей. У гэты дзень старэйшыя былі ў школе, а двух малых жанчына замкнула ў доме адных, а сама пайшла ў краму. Цяпер вызначаюць прычыну ўзгарання. Гаспадыня дома з дзецьмі будзе жыць у бацькоў, перадае БЕЛТА.