У Шатландыі пачалася кампанія за выхад з Вялікабрытаніі
Ініцыятары кампаніі плануюць правесці рэферэндум увосень 2014 года.
Кампанію пад назвай "Так — Шатландыі" ініцыявала Шатландская нацыянальная партыя (Scottish National Party — SNP). Аднак у ёй удзельнічаюць і іншыя палітычныя партыі, а таксама прадстаўнікі дзелавых кругоў і славутасці, перадае ВВС. Афіцыйны старт кампаніі дадзены ў Эдынбургу.
Прыхільнікі захавання Шатландыі ў складзе Злучанага каралеўства плануюць пачаць сваю агітацыйную кампанію пазней, але таксама сёлета.
Як заявіла напярэдадні старту агітацыі намесніца першага міністра Шатландыі і лідара SNP Нікола Стэрджэн, вельмі важна даць жыхарам Шатландыі магчымасць самім вырашаць сваю будучыню. Па словах ініцыятараў кампаніі, гаворка не ідзе пра распад і аддзяленне Шатландыі. Стэрджэн кажа, што ініцыятары дамагаюцца, каб народ Шатландыі атрымаў уладу над эканомікай і палітычным жыццём.
Шатландская Партыя "зялёных", якая падтрымлівае незалежнасць, заклікае да больш шматбаковага падыходу. Кіраўнік партыі Патрык Харві, напрыклад, заявіў, што яго партыя не будзе служыць групай падтрымкі для нацыяналістаў.
Фота — euromag.ru