У судзе над абвінавачанымі ў выбуху разглядаюць хадайніцтвы
Пацярпелыя ад выбуху ў мінскім метро заявілі шэраг хадайніцтваў. Па адным з іх суд забараніў фота- і відэаздымкі ў зале.
Як паведамляе БЕЛТА, суд задаволіў хадайніцтвы больш як 300 пацярпелых, каб працягваць слуханні ў іх адсутнасць. Таксама заяўлена пра выклік у суд жанчыны, якая здавала жытло абвінавачванаму Канавалаву напярэдадні выбуху ў метро.
Адзін з абвінавачваных прасіў даць яму пагаварыць з адвакатам сам-насам. Але суд узяў бок абвінавачання і не задаволіў хадайніцтва. Старшыня суда адзначыў, што да суда быў падпісаны дакумент, які дазваляе абвінавачанаму кантактаваць з абаронцам у неабмежаванай колькасці.
Паводле звестак Радыё "Свабода", клетка абвінавачаных падзеленая шкляной перагародкай на дзве часткі. Такім чынам, Канавалаў і Кавалёў не маюць магчымасці кантактаваць між сабой падчас працэсу.